Як нам упарадкаваць даліну Ласасянкі. Частка ІІ: у пошуках Горада Майстроў

Частка І: гісторыя Кунстава

 

Мы сустракаемся з Ігарам Лапехам каля ваданапорнай вежы на старым Фолюшы. На гэтым месцы пачыналася галоўная вуліца Кунстава, якая перасякалася з Ласасянкай. Тут павінен быў паўстаць адзін з двух храмаў новага горада – пратэстанцкі або лютэранскі. І сёння, кажа Ігар, гэта лепшае месца для пабудовы храма на Фолюшы, толькі зараз гэта павінна быць хутчэй за ўсё праваслаўная царква. Найлепш каб храм быў круглы ў плане – гэта адпавядае барокавай канцэпцыі Кунстава. Тым больш, ваданапорная вежа ніякай ролі больш не грае і не працуе.

 

Чырвоным нанесены запраектаваныя аб’екты, сінім маршрут нашага падарожжа (клікабельна)

 

Спускаемся да вядомага фолюшаўцам плота ўздоўж былой вайсковай часткі. Ігар Лапеха паказвае праект выпускніка Гродзенскага політэхнічнага каледжа Яўгена Сыцько, які яшчэ некалькі гадоў таму распрацаваў варыянт добраўпарадкавання Фолюша на аснове захаваных планаў Кунстава. Цяпер Яўген навучаецца ў Брэсцкім політэхнічным універсітэце, аднак праект яго ўжо паспеў выставіцца на моладзевы конкурс “100 ідэй для Беларусі”.

 

Праект Яўгенія Сыцько па добраўпарадкаванні Фолюша на аснове ідэі Кунстава Антонія Тызенгаўза

 

Спыняемся каля комплексу казарм і самай старой вайсковай казармы, пабудаванай яшчэ ў пачатку ХХ ст. Тут, паводле Ігара Лапехі і Яўгена Сыцько, трэба аднавіць сімвалічную круглую плошчу Кунстава. Толькі ўплесці ў яе міжваенныя польскія казармы і самую старую казарму.

 

Падыходзім бліжэй Ласасянкі і тут Ігар Лапеха паказвае нам сціплы сарайчык на другім беразе ракі. Гэта ўжо вёска Дзямідкава. “Паглядзіце на магутную сцяну будынка і параўнайце з мапай 1807 года, – гаворыць Ігар. – Гэта, відавочна, адзіная ацалелая сцяна тых шасці апошніх тызенгаўзаўскіх мануфактур”.

 


 

Уражвае, калі тут, далёка ад гарадскога цэнтра, пасярод вёскі, табе паказваюць частку будынка XVIII стагоддзя. Але сапраўдныя цуды пачынаюцца далей, калі Ігар паказвае парэшткі падмуркаў іншых мануфактур. Цяпер гэта прамавугольныя правалы ў зямлі, або выступаючыя з зямлі парэшткі каменна-цагляных падмуркаў. Самае цікавае, што гэтыя падмуркі знаходзяцца проста пад будынкамі вёскі Дзямідкава, на прысядзібных участках.

 

Нагадаем, што мы трапілі ўжо на былую прускую тэрыторыю, паколькі мяжа паміж Расіяй і Прусіяй раздзяліла Кунстава ў 1795 г. Далей засталося паглядзець толькі адзін аб’ект былой галоўнай вуліцы Кунстава – палац адміністратара, які знаходзіўся на былой надласасянскай тэрасе.

 

Частка ІІІ: рэстаран на месцы млына