Слоўнік “Наш дом / Our Home” – у фінале Рэспубліканскага конкурса праектаў Social Weekend

|

Сёння стала вядома, што праект слоўніка прайшоў у фінал конкурса сацыяльных праектаў Беларусі Social Weekend 7. Мэта каманды праекта – сабраць грошы для выдання кнігі накладам 1000 асобнікаў. Каля 43 млн бел. руб. ужо былі сабраныя на краўдфандынгавай платформе Tалакошт для выдання 500 слоўнікаў, але ўдзельнікі праекта ўпэўненыя: «Наш дом / Our Home» будзе цікавы і патрэбны шырэйшаму колу чытачоў. Слоўнікаў можа быць выдадзена ўдвая больш, а грошай для гэтага патрэбна ўдвая менш – каля 20 млн бел. руб.

 

 

«Падтрымаць выданне слоўніка можна грашыма або праз стварэнне сустрэчы на карысць праекту на платформе «МаеСэнс», – расказвае кіраўніца праекта Алена Ялавенка. – Мы імкнемся стварыць якасны моўны дапаможнік, а таксама як мага лепей “сацыялізаваць“ “Наш дом”, зрабіць яго максімальна карысным для беларусаў. Калі ў вас ёсць нейкія ідэі, прапановы, калі ласка, дасылайце іх на nashdom.ourhome@gmail.com».

 

Social Weekend – гэта найбуйнейшы конкурс сацыяльных праектаў Беларусі, у якім кожны можа прапанаваць сваю ідэю, атрымаць фінансавую падтрымку для яе рэалізацыі і папросту знайсці аднадумцаў.