Усё – са смецця. Сыравіну, кампост і біяпаліва будуць “дабываць” на смеццесартавальным заводзе пад Гродна

|

Будаўніцтва завода абышлося ў 28 мільёнаў еўра, пазыку на будоўлю выдзеліў Сусветны банк, а працу выконвалі кітайскія спецыялісты.




Гэта – толькі пачатак


Лініі па сартаванню смецця, што ўжо хутка пачнуць працу, гэта, як распавядае дырэктар завода Вячэслаў Андрэеўскі, толькі пачатак у вырашэнні праблемы перапрацоўкі адходаў. “Найперш, гэта запаволіць запаўненне палігона, дазволіць падоўжыць час яго эксплуатацыі і пазбегнуць выдаткаў на пашырэнне”.

 

align=”” width=”725″ height=”395″ > 

 

Ужо зараз палігон запоўнены на 75%. Калі працягваць “пастаўкі” смецця такімі тэмпамі, як зараз, то праз два гады пляцоўка вычарпае свае магчымасці. Абсталяванне новага палігона можа каштаваць  каля 30 мільёнаў долараў.

 

Завод возьме на сябе перапрацоўку 120 тысяч тон адходаў на год. Плануецца, што сартаванне дазволіць выратаваць ад захаранення каля паловы. Прыкладна 45% матэрыялаў – макулатуры, шклабою, палімераў і металаў завод будзе пастаўляць перапрацоўшчыкам.

 

У нашым горадзе гэта “Белдругпалімер”, Гродзенскі шклозавод і прадпрыемства “Эксклюзіў”, што перапрацоўвае макулатуру ў папяровыя сурвэткі, насоўкі і туалетную паперу.

 

 

Яшчэ больш павысіць магчымасці перапрацоўкі і долю звароту другаснай сыравіны папярэдняе сартаванне смецця. Таму зараз у горадзе  змяняецца сістэма яго збору. Заварваюцца смеццеправоды, павялічваецца колькасць кантэйнерных пляцовак, набываюцца новыя смеццявозы. У раёнах са шматпавярховай забудовай плануецца ўсталяваць 9 тысяч новых кантэйнераў, а яшчэ 27 тысяч – у прыватным сектары.

 

 

Аднак нават гэта яшчэ не ўсё. Наступнай часткай перапрацоўкі смецця стане атрыманне паліва – біягазу – з арганічнай часткі адходаў і так званага RDF-паліва з цвёрдых адходаў, што нельга перапрацаваць. Праектныя працы па гэтых аб’ектах пачнуцца ўжо сёлета.

 

Але і гэта не апошняя магчымасць у перапрацоўцы смецця. Прадстаўнікі Брэсцкага смеццеперапрацоўчага завода падзяліліся з гарадзенскімі калегамі досведам кампаставання біяматэрыялу, што застаецца пасля атрымання біягазу. Такі кампост можа выкарыстоўвацца ў сельскай гаспадарцы ці гарадскім зялёным будаўніцтве.

 

 

Што да вытворчага ланцужка лініі сартавання, то брэсцкія спецыялісты параілі яго даабсталяваць. На заводзе ў Брэсце апроч ручнога сартавання выкарыстоўваюць яшчэ два аптычныя і адзін балістычны сепаратары, што дазваляе зменшыць долю ручнай працы і дадаткова атрымліваць каля 10 тысяч тон другаснай сыравіны тон у год.

 

 

Намеснік прэм’ера Андрэй Калінін адзначыў важнасць супрацы і выкарыстання напрацаванага ў краіне і замежнага досведу: ”Завод трэба не проста збудаваць, але зрабіць яго максімальна эфектыўным”. 

 

 

Здымкі аўтаркі