На Гарадзеншчыне хочуць знайсці нафту

|

У канцы мінулага года Аляксандр Лукашэнка на нарадзе аб стане і перспектывах развіцця сыравіннай базы Беларусі даручыў у поўным аб’ёме вывучыць перспектыўныя рэгіёны краіны на прадмет выяўлення новых радовішчаў нафты. Гаворка ідзе пра Аршанскую (Віцебская вобласць) і Падляска-Брэсцкую западзіны (Брэсцкая і Гродзенская вобласці). Гэтыя тэрыторыі пакуль недастаткова вывучаныя. Да іх зараз павінна быць прыцягнута ўвага спецыялістаў.

Як паведамляе БелаПАН, на працягу бліжэйшага дзесяцігоддзя плануецца запаволіць тэмпы падзення здабычы нафты на тэрыторыі Беларусі. Гэта прадугледжвае канцэпцыя перспектыўнага развіцця “Беларуснафты” на 2016-2025 гады, гаворыцца ў інфармацыйным паведамленні кампаніі. У канцэпцыі вызначана інвестыцыйная стратэгія “Беларуснафты” на бліжэйшыя 10 гадоў.

 

“Прыярытэтам капіталаўкладанняў стала комплексная праграма, накіраваная на запаволенне тэмпаў падзення і стабілізацыю здабычы гадавых аб’ёмаў вуглевадароднай сыравіны ў Беларусі на зададзеным узроўні (каля 1,6 млн тон у год. – БелаПАН)”, – паведамляе кампанія.

 

Фінансаваць інвестыцыі для вырашэння гэтай задачы мяркуецца за кошт пазыковых і ўласных сродкаў.

 

Геолагаразведачныя работы, якія плануе правесці “Беларуснафта”, прадугледжваюць пошук залежаў нафты і газу структурнага тыпу на глыбіні да 4500 метраў.

 

Між тым, як сведчаць дадзеныя Мінпрыроды, у апошнія гады назіраецца пагаршэнне структуры рэшткавых вымаемых нафтавых запасаў, у якіх узрастае доля цяжказдабывальнай вуглевадародаў.

 

“Асваенне і павышэнне нафтааддачы ад пакладаў з цяжказдабывальнымі запасамі традыцыйнымі спосабамі не прыносіць чаканых вынікаў. Для іх эксплуатацыі неабходна выдаткаваць павышаныя фінансавыя, працоўныя і матэрыяльныя рэсурсы, выкарыстоўваць нетрадыцыйныя тэхналогіі, спецыяльнае несерыйнае абсталяванне, рэагенты і матэрыялы”, – адзначаў намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Хрушчоў у сваім артыкуле, апублікаванай у гэтым годзе ў часопісе Мінфіна “Фінансы, улік, аўдыт”.

 

Ва ўмовах нізкіх коштаў на нафту засваенне залежаў з цяжказдабывальнымі запасамі вуглевадародаў не заўсёды мэтазгодна, лічыць намеснік міністра.