“Перасядзь на ровар”. Студэнтка Купалаўскага ўніверсітэта хоча стварыць у Гродне бясплатны велапракат для навучэнцаў

|

“У нашых студэнтаў ёсць цяжкасці ў перамяшчэнні з інтэрната ва ўніверсітэт, а таксама паміж корпусамі на працягу дня. Будынкi ўніверсітэта і інтэрнаты аддаленыя адзін ад аднаго. За дзень трэба перамяшчацца паміж імі па некалькі разоў і за кароткі час. Грамадскі транспарт часам ездзіць рэдка, прыпынкі далёка ад месца прызначэння, таму губляецца шмат часу. Калі ўлічыць кошт праязных білетаў, памер стыпендыі і неабходнасць неаднаразова выкарыстоўваць грамадскі транспарт, то робіцца відавочным  – гэта патрабуе шмат часу і сродкаў”.


Выхад з сітуацыі – стварэнне бясплатнага велапраката для студэнтаў, лічыць Насця. Па задумцы дзяўчыны, бясплатным роварам можна будзе скарыстацца каля інтэрната ці корпуса ўніверсітэта.

 

 

Зараз дзяўчыне важна даведацца меркаванне гараджан. Папярэднія апытанні паказваюць, што асноўная частка апытаных станоўча ставіцца да бясплатнага велапраката. Насця будзе звяртацца да гарадзенцаў, каб тыя ахвяравалі непатрэбныя ровары для рэалізацыі ідэі. Прыкладам можа быць бясплатны велапракат у Мінску. Таксама студэнтка паспрабуе выйсці на інвестараў ды заявіцца на праграму трансгранічнага супрацоўніцтва.


“Апытанне было створана каб зразумець ці патрэбны гораду падобны праект і для таго каб гэта было сапраўды актуальна, каб сабраць ідэі, якія ўзнікаюць у гараджан, каб не забыцца пра дробязі. Хочацца стварыць якасную рэч, прапрацаваўшы ўсё. Шмат хто кажа, што добрая ідэя і усё падабаецца, але нічога не атрымаецца. Вельмі хочацца пераадолець гэтыя рэчы. Веру, што ўсё атрымаецца і будзе якасным, бо непераадольных перашкод няма”.

 

 

Плануецца, што на велапаркоўцы будзе пэўная колькасць ровараў. Кожны ровар будзе абсталяваны багажнікам для размяшчэння рэчаў і чыпавым замком. Студэнт будзе атрымліваць чып, браць ровар, дабірацца да наступнага месца прызначэння па веладарожцы. Там ён запаркуе ровар i здасць чып. Максімальны тэрмін карыстання – тры гадзіны. Такім чынам студэнт эканоміць час, грошы, вядзе здаровы лад жыцця, развіваецца фізічна, клапоціцца аб экалогіі горада.

 

Насця распавядае, што ў рамках гэтага праекта таксама ёсць ідэя стварыць мабільны дадатак, што будзе “палачкай-ратавалачкай” для веласіпедыстаў.

 

“Функцыянал цяпер абмяркоўваецца ў анлайн-апытанні. У кожнага ёсць магчымасць выказаць сваё пажаданне. Але ўжо цяпер можна сказаць, што шмат хто хоча мець дадатак, які будзе змяшчаць карту веладарожак, а таксама інфармацыю па бліжэйшых велапаркоўках, велапракатах i веласэрвiсах”.


Прыняць удзел у апытанні па стварэнні гэтага праекта можна тут.