“Нёман” прайграў “Нафтану” і скончыў першы круг на апошнім месцы. Кавалевіч абяцае выправіць сітуацыю

|

Для галоўнага трэнера “Нёмана” матч супраць навапалачан быў прынцыповым, бо Кавалевіч пачынаў сваю трэнерскую кар’еру менавіта ў “Нафтане”.

 

Да гульні ў Наваполацку жоўта-зялёныя пад кіраўніцтвам новага трэнера яшчэ не прайгравалі. А ў “Нафтана” акурат у апошніх гульнях паўсталі цяжкасцi, што давала “Нёману” рэальны шанец працягнуць набіраць ачкі і пакінуць апошняе месца.

 

Але гарадзенцам гэта зрабіць не ўдалося. У Наваполацку жоўта-зялёныя прапусцілі ўжо на 3-й хвіліне матчу і далей пераважна абараняліся. Лік у матчы адкрыў Лебедзеў, якому ніхто не перашкаджаў у цэнтры штрафной расстраляць Курганскага. Другі гол гаспадары забілі ўжо ў другім тайме на 57-й хвіліне. Пасля падачы вуглавога першым на мячы апынуўся гулец “Нафтана” Барысаў.

 

Гарадзенцы ж на працягу ўсяго матчу здолелі толькі два разы абвастрыць сітуацыю каля варот гаспадароў. Спачатку Савіцкі дакладна прабіў па варотах, а пасля Васілюк не скарыстаўся выхадам адзiн на адзiн i загубiў свой шанец.


15 тур, (2 ліпеня) “Нафтан” – “Нёман” – 2:0 (1:0) 

 

Галоўны трэнер “Нёмана” Ігар Кавалевіч пасля паражэння ад “Нафтана” адзначыў заслужаную перамогу гаспадароў і паабяцаў у другім крузе выправіць сітуацыю.


“Віншую “Нафтан” з заслужанай перамогай. Гаспадары былі мацнейшыя ў адзінаборствах, падборах, лепш у руху. Таму іх поспех заканамерны. Мы саступілі ў характары, у дадатак былі праблемы са складам. Але гэта не апраўданне. Згулялі дрэнна, трэба разабрацца. Жыццё падкідвае нам выпрабаванні, але мы іх пераадолеем”.

 

Па выніках першага круга “Нёман” заняў апошняе месца ў турнірнай табліцы з 10 ачкамі ў актыве (2 перамогі, 4 нічыі, 9 паражэнняў). Бліжэйшыя каманды “Слуцк” і “Нафтан” маюць па 14 ачкоў.

 

Ужо вядома, што ў час перапынку “Нёману” будзе дадзена дадатковае фінансаванне, каб узмацніць каманду на другі круг. Таксама вядома, што “Нёман” пакіне частка гульцоў.

 

Адновіцца чэмпіянат у Вышэйшай лізе 29 ліпеня. “Нёман” у гэты дзень на выездзе згуляе з “Гранітам”. А 9 ліпеня гарадзенцы стартуюць у Кубку Беларусі. У Стаўбцах іх чакае гульня з “Нёманам-Агра”, што гуляюць у Другой лізе чэмпіянату Беларусі.