Знайшлі мэрс, пры пагоні за якім сутыкнуліся машыны ДАІ. На кіроўцу склалі тры пратаколы

|

ДТЗ з удзелам двух патрульных машын здарылася ў Гродне падчас пераследу падазронага аўто. Патрульныя машыны рухаліся адна за адной, але ў пэўны момант яны сутыкнуліся на вялікай хуткасці. Парушальніку ўдалося сыйсці ад пераследу.

У ДАІ паведамілі, што патрульныя шукалі аўтамабіль маркі Mercedes, кіроўца якога пры руху каля рэчавага рынку Паўднёвы павярнуў у бок вёскі Лунна. Убачыўшы супрацоўнікаў ДАІ, ён рэзка развярнуўся і на вялікай хуткасці накіраваўся назад у горад. Такія дзеянні выклікалі падазрэнне ў супрацоўнікаў, і яны пачалі пагоню. Адначасова інфармацыя аб магчымым парушальніку была перададзена іншым нарадам, што працавалі паблізу.

Ужо на праспекце Янкі Купалы другі нарад спробаваў спыніць падазроны Merсedes. Супрацоўнікі ДПС ўключылі на службовым аўтамабілі маячкі чырвонага і сіняга колераў і гукавую сігналізацыю. Аднак у адказ на гэта невядомы вадзіцель толькі павялічыў хуткасць. У ходзе пераследу адбылося ДТЗ з удзелам двух службовых аўтамабіляў ДАІ.  

Пазней, пераканаўшыся, што машыну больш ніхто не даганяе, кіроўца Mercedes кінуў аўтамабіль на паркоўцы аднаго з дамоў і сышоў. Калі сцямнела, ён вярнуўся за машынай і перагнаў яе ў гараж на ўскрайку горада. Там яаўтамабіль іпарушальніка выявілі супрацоўнікі ДАI.

Парушальнікам аказаўся 25-гадовы жыхар Гродна, які раней неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці па лініі ДАІ і быў пазбаўлены правоў у траўні гэтага года за перавышэнне хуткасці. Са словаў мужчыны, ён баяўся, што транспартны сродак можа быць канфіскаваны.

У выніку на парушальніка склалі тры адміністрацыйныя пратаколы, але падставаў для канфіскацыі аўтамабіля не было.

Па факту ДТЗ праводзіцца разбіральніцтва. Для ацэнкі дзеянняў супрацоўнікаў ДПС, якія дапусцілі сутыкненне службовага транспарту, праводзіцца службовая праверка.
 

Фота ДАІ Гродна