“Стаў суддзёй – мусіш быць чэсным ва ўсім”. Іван Найдзёнаў пра асаблівасці судзейства веламарафона “Суседзі-2016”



Апроч сцяжка і секундамера – камп’ютарныя праграмы і відэафіксацыя


Веламарафон “Суседзі”, што праводзіцца ў ваколіцах Гродна, мае шэраг асаблівых рысаў. Найперш тое, што ўдзел у ім можа ўзяць практычна кожны ахвотны, хто ўмее ездзіць на ровары”, – распавёў Іван Найдзёнаў. Мэты сабраць вузкае кола прафесіяналаў ці толькі аматараў арганізатары не ставілі. “Для ўдзельнікаў вызначана 40 катэгорый, сярод якіх можна выбраць тую, што найбольш адпавядае ўласным патрабаванням”.

 

 

Для суддзяў такая сітуацыя больш складаная, але на дапамогу чалавеку прыйшла тэхніка. На фінішы веламарафона ўвесь час працуе відэафіксацыя. Гэта асабліва важна, калі да фініша ідзе цэлая група раварыстаў. “У спорных сітуацыях можна пераглядзець запіс у запаволеным тэмпе, каб дакладна вызначыць, хто першым перасёк рысу”, – распавядае Іван Найдзёнаў.

 

На Аўгустоўскім канале пройдзе шосты аматарскі веламарафон “Суседзi”

 

 

Суддзі на фінішы сустракаюць усіх, незалежна ад прыналежнасці да катэгорыі, і фіксуюць паказчыкі часу кожнага ўдзельніка згодна з яго нумарам. “Пасля дадзеныя пераносяцца ў камп’ютарную праграму, каторую, дарэчы, стварыў валанцёр-раварыст, і яна разносіць вынікі па катэгорыях. Па камп’ютарнай апрацоўцы, такім чынам, маем асобныя пратаколы для кожнай групы ўдзельнікаў”.

 

 

 

Суддзі – асобы ўсюдыісныя


 

Не менш важная і праца суддзяў на старце. ”Усе стартуюць разам, важна адсачыць, каб ніводны не выехаў раней ці пазней”. Разам з валанцёрамі суддзі працуюць і на трасе, бо трэба сачыць за адпаведнасцю праходжання дыстанцыі. Удзельнікі ведаюць, што суддзі заўсёды побач і не паддаюцца на спакусы “зрэзаць вугал” ці яшчэ як адступіць ад правіл.

 

“Прыемна быць часткай гэтага свята”. Навошта гарадзенцы ідуць валанцёрамі на марафон “Суседзi”

 

 

 

 

А суддзі – хто?


Сёлета на веламарафоне будзе працаваць міжнародная судзейская калегія. Тое, што галоўным суддзёй будзе гарадзенец, суддзя нацыянальнай катэгорыі Іван Найдзёнаў, ужо стала добрай традыцыяй. Што да іншых удзельнікаў калегіі, то гэта Ян Камінскі з Польшчы і  Валерый Саковіч з Мінска. Абодва маюць статус суддзі-камісара міжнароднай катэгорыі паводле класіфікацыі Міжнароднага Саюза Веласіпедыстаў (UCI).

 

 

Каб стаць суддзёй, патрэбны веды і досвед

 

Каб дарасці да магчымасці стаць суддзёй, раварысту патрэбен досвед у працы, блізкай да судзейства. Ахвотныя пачынаюць працаваць на спаборніцтвах валанцёрамі, памочнікамі суддзяў, хранаметрыстамі – і такім чынам атрымліваюць неабходны вопыт і веды.

 

 

З цягам часу такія людзі могуць здаць тэст і атэставацца ў якасці суддзі. “Гэта цалкам магчыма – ніякай адмысловай адукацыі ці спартыўных дасягненняў не патрабуецца. Ты ездзіш на ровары, ведаеш правілы, бярэш удзел у спаборніцтвах, працуеш, дапамагаючы суддзям – гэтага дастаткова”.  Паміж суддзяў таксама ёсць катэгарызацыя ў залежнасці ад спаборніцтваў, на якіх яны працавалі і стажу ў пэўнай катэгорыі. Далей – таксама тэсты на наступную атэстацыю.

 

 

 

 

Судзіць, падсудзіць, засудзіць…


Немагчыма быць чэсным толькі пад час спаборніцтваў, – дзеліцца сваімі развагамі Іван Найдзёнаў. – Калі ты – суддзя, ад цябе чакаюць, што будзеш чэсным заўсёды”. Да таго ж, на фінішы ёсць відэафіксацыя, тут не падсудзіш. Рашэнні суддзі не могуць вызначацца асабістымі прыхільнасцямі і сімпатыямі. Яны заўсёды абгрунтоўваюцца пэўнымі спасылкамі на правіл ці іншыя дакументы – штрафы і дыскваліфікацыі там прапісаны.

 

Аднак, ёсць і эмацыйна складаныя для суддзяў сітуацыі: “Некалькі гадоў таму да фініша першым прыйшоў гарадзенец з незашпіленым шлемам. Канечне, ён быў першым, але парушыў правілы, усе гэта бачылі. Што судддзя меўся рабіць у гэтым выпадку? Сказаць, што мы табе даруем і пакінем на першым месцы? Згодна з правіламі гэта – дыскваліфікацыя…” Таксама часам сустракаецца сітуацыя, калі ў групе, што набліжаецца разам да фініша, нехта пачынае паводзіць сябе неспартыўна – спрабуе, напрыклад, “падрэзаць” лідара. “У такіх выпадках суддзя ставіць парушальніку найпазнейшы час сярод гэтай групы. Гэта таксама не асабістае рашэнне, а патрабаванне правілаў. Ёсць таксама штрафы за пакінутае ў лесе смецце”.

 

 

Крытэрый добрага судзейства – цішыня

 

 

“Паміж суддзяў ёсць жарт, што чым цішэй, тым лепш. Калі ніхто не прыходзіць “высвятляць адносіны” ці скардзіцца, значыць да суддзяў няма прэтэнзій і яны адпрацавалі добра”, – усміхаецца Іван. Калі ж ва ўсіх прысутных будзе жаданне прарвацца да суддзяў – значыць, нешта пайшло не так.

 

 


 

Прыязджайце, паспрабуйце!

 

Хацеў бы звярнуцца да гарадзенскіх раварыстаў, тых, хто яшчэ ніколі не ўдзельнічаў у “Суседзях” – не трэба баяцца! Нават калі ў вас толькі праслізнула па ўскрайку свядомасці такая думка “Я хачу!” – не адмаўляйцеся ад яе, паспрабуйце.  Ці,  хаця б,  прыязджайце паглядзець,  адчуць атмасферу і  энергетыку гэтай падзеі. Тады на наступны год напэўна прыедзеце!

 

 

Фота аўтаркі (здымка 2015 года)