Нікога не шкадуюць і ўсіх робяць моднымі. У Гродна прыехала цырульня на колах Dandy Bus Tour

|

Dandy Bus Tour гэта сацыяльны праект, дзе цырульнікі працуюць бясплатна з усімі пластамі насельніцтва. Перад тым, як пачаць працу з кліентам, майстар улічвае ўсе пажаданні.

 

У першы дзень у Гродне майстры зрабілі прычоску больш за 60 гараджанам ва ўзросце ад 2 да 60 гадоў.

 

 

У Гродне цырульнікаў чакалі: спісы кліентаў на два дні былі цалкам запоўненыя загадзя.


“Нам рады ўсе. Гарвыканкамы заўсёды ідуць на сустрэчу, перашкоды бываюць ужо з боку звычайных грамадзян. Напрыклад, у першы дзень у Гродне мы доўга не маглі знайсці месца. Спачатку стаялi ля драмтэатра, пасля вымушаныя былі паехаць на вуліцу Савецкую, але, як аказалася, і там мы перашкаджаем кіроўцам. Нарэшце, нам патэлефанавалі і сказалі ехаць за Палац тэкстыльшчыкаў, там у вынiку i сталi. Мы ўжо прывыклі да такіх праблем. У кожным горадзе свае нюансы. Галоўнае, што мы працуем і прыносім радасць людзям”, – расказала кіраўнічка праекта Надзя Людчык.

 

 

Першым, хто запісаўся на стрыжку ў Гродне, быў Аляксей. Працай майстроў ён застаўся задаволены.


“Пра бус даведаўся выпадкова. Проста ў сацыяльных сетках наткнуўся на навіны – запісаўся і апынуўся першым у Гродне. Вельмі задаволены стрыжкай, камандай і незвычайнай атмасферай. Такія праекты абавязкова трэба падтрымліваць і развіваць”.


 

Запісваліся на стрыжку і цэлымі сем’ямі. У Гродне такой сям’ёй апынуліся Суханосiкі. Спачатку пастрыглі маму Галю, потым маленькага Сямёна, а пасля майстар узяўся і за тату Іллю.

 


“Ведаем добра арганізатара Андрэя, вось і вырашылі пастрыгчыся. Нашаму Сямёну яшчэ і трох гадоў няма, але ён быў адным з першых, і прычоскай ён застаўся задаволены”, – распавяла мама Галя.

 

 

Гродна стаў 15-м горадам, куды прыехала каманда на сваім аўтобусе.


“Мы Гродна не маглі прапусціць, бо гэта класны і прыгожы горад. Наш галоўны натхняльнік і арганізатар Андруха тут вучыўся, таму горад для нас як родны. У першы дзень у нас запісалася больш за 50 чалавек, але прыйшло яшчэ больш. Прыходзіць у асноўным моладзь, але мы гатовыя працаваць з усімі. У іншых гарадах, напрыклад, дзядулі прыводзілі ўнукаў, так мы і тых i тых стрыглі”, – распавёў адміністратар Dandy Bus Аляксей Лугачоў.

 

 

Былі ў першы дзень і незвычайныя адкрыцці. Гэтак, гарадзенскай дзяўчыне Марце па ўсiм горадзе адмаўлялі ў стрыжцы. Але ў Dandy Bus гэта пытанне вырашылi хутка.


“Даўжыня маіх валасоў была больш за 50 см. Ніхто ў Гродне не адважваўся іх падстрыгчы. Калі я прыходзіла ў цырульню, мне ўсе гаварылі: “У вас такія прыгожыя доўгія валасы, давайце пакінем”. Гэтак я і сыходзіла дадому без стрыжкі. На гэты праект я трапіла выпадкова і вырашыла, што тут мяне нарэшце падстрыгуць. Удала трапіла да майстра і засталася вельмі задаволеная. Нязвыкла, але мне вельмі падабаецца. Дзякуй крутой камандзе, што зрабілі мяне шчаслівай”.

 

 

20 ліпеня цырульня на колах будзе працаваць з 11.00 да 21.00.

 

Гродна з’яўляецца перадапошнім горадам у туры па Беларусі. Апошнім жа, 16-м горадам, стане Ліда. А 23 і 24 ліпеня Dandy Bus Tour завершыцца грандыёзнай стрыжкай на FSP – Freaky Summer Party ў Мінску.