Гарадзенскія журналісты ўшанавалі памяць Паўла Шарамета

|

Павал Шарамет загінуў ранкам 20 ліпеня ў выніку выбуху ў машыне. Асноўнымі версіямі забойства з’яўляюцца помста за прафесійную дзейнасць, а таксама спроба дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне.

 

Павал Шарамет з’яўляецца заснавальнікам папулярнага сайта “Белорусский партизан“. 

 

У 90-я гады журналіст працаваў на беларускім тэлебачанні, радыё 101.2, быў галоўным рэдактарам «Белорусской деловой газеты». Пазней Шарамет быў уласным карэспандэнтам ОРТ у Беларусі, вёў свае праграмы на расейскім тэлебачанні.

 

Апошнія некалькі гадоў журналіст працаваў у адным з вядучых украінскіх выданняў – “Украінскай праўдзе“.

 

Шырока вядомым імя Паўла Шарамета стала ў ліпені 1997 г., калі ён разам са сваімі калегамі Дзмітрыем Завадскім і Яраславам Аўчыннікавым апынуўся за кратамі гарадзенскай турмы.

 

Гэта здарылася пасля таго, як журналістаў затрымалі за здымкі рэпартажа пра сітуацыю на беларуска-літоўскай мяжы і абвінавацілі ў  незаконным яе перасячэнні, в таксама ў атрыманні грошай ад замежных спецслужбаў.

 

Вызваліць Шарамета з-за кратаў ўдалося тады толькі праз тры месяцы пасля асабістага ўмяшання прэзідэнта Расіі Барыса Ельцына.

 

“Твой стыль” знайшоў спецвыпуск бюлетэню “Трэці сектар”, які выдаваўся тады ў Гродне. Гэты выпуск цалкам прысвечаны храналогіі падзеяў, звязаных з арыштам журналістаў і ўтрыманнем іх у гарадзенскай турме.

Рэдакцыя “Твайго стылю” выказвае шчырыя спачуванні, родным, блізкім і калегам Паўла Шарамета, а таксама надзею на тое, што арганізатары і выканаўцы забойства будуць знойдзеныя і сурова пакараныя.