Выбітыя зубы і зламаная нага. На фестывалі SunDay пабіліся аматары нямецкіх і японскіх аўто

|

Агулам на мерапрыемстве сур’ёзных здарэнняў не было. Аднак ужо бліжэй да канца ў палатачным гарадку адбылася бойка паміж гасцямі фестывалю. Здарэнне адбылося каля 5 гадзін раніцы, калі невядомыя справакавалі бойку.


“Каля дзесяцi чалавек хадзілі па палатачным гарадку і шукалі да каго прычапіцца. Усюды было шмат людзей, а нас было менш за ўсіх, і яны ў выніку падыйшлі да нас. Хуліганы пачалі прад’яўляць, нібыта іх нехта абазваў. Хацелі біцца, але наш хлопец, якi стаяў адзiн, сказаў, што не будзе біцца. У выніку яны пачалі яго кідаць, біць рукамі і нагамі. Спачатку пацярпелы спрабаваў супраціўляцца, але пасля таго, як яму нагу зламалі, ён ляжаў і прыкрываў галаву. Пасля прыбег іншы ўдзельнік клуба, але і яго кучай паклалі на зямлю і пачалі біць, у выніку яму выбілі зубы. Потым я падбег з арганізатарамі фестывалю, але хуліганы паспелі схавацца”, – распавёў адзiн з прадстаўнiкоў клуба “Honda Гродна”.

 

Пазней міліцыя па гарачых слядах знайшла двух зламыснікаў. Імі апынуліся 20-гадовыя хлопцы. Паводле прэс-службы гарадзенскай міліцыі, гэта аматары нямецкіх машын.

 

Каардынатары палатачнага гарадка, якія прыбылі на месца праз хвіліну пасля пачатку бойкі, удакладнiлi, што ў iнцыдэнце ўдзельнічала 2-3 чалавекі. Канфлікт хутка спынілі.


“У намётавым гарадку за парадкам сачылі арганізатары, прыватная ахова і міліцыя. Усе вострыя моманты былі згладжаныя, аднак у 5.00, калі фестываль завяршыўся і вялікi натоўп людзей стаў вяртацца ў палаткі, адбыўся інцыдэнт. Мы пачулі крыкі аб дапамозе і адразу пабеглі туды. Прайшла літаральна хвіліна, як мы прыбылі на месца, але завадатары ўжо схаваліся, а на месцы застаўся хлопец з клуба Honda, пазней у яго дыягнаставалі пералом нагі.


Гэтая імгненная бойка разбудзіла людзей у намётавым гарадку, да месца сталі падыходзіць адпачываючыя. Падышоў і нейкі “напампаваны” хлопец, які нібыта імкнуўся разабрацца ў сітуацыі, але на самой справе толькі правакаваў іншых. Арганізатары і супрацоўнікі міліцыі зрабілі ўсё магчымае, каб яго паводзіны не выклікалi масавую бойку – хлопца павезлі на службовым аўтамабілі. У гэты час да міліцыі падбеглі дзяўчаты і сталі распавядаць, што сапраўдныя завадатары схаваліся. У намётавы гарадок прыехалі дадатковыя нарады міліцыі. Яны пачалі дэталёва разбірацца ў сітуацыі”, – распавёў пра падзеі каардынатар палатачнага гарадка Руслан.

 

За разбой хуліганам можа пагражаць крымінальная справа.

 

Магія чорнага на SunDay-2016. Топ-7 аўто самага правільнага колеру