Эпоха Каліноўскага: асобы і традыцыі

|

Навуковае мерапрыемства “Кастусь Каліноўскі і яго эпоха ў дакументах і культурнай традыцыі” ладзіцца 25-26 верасня. Каб надаць канферэнцыі больш шырокі фармат, арганізатары вырашылі правесці яе ў Мінску. Пра мэты правядзення гаворыць адзін з арганізатараў, гродзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч: “Ідэя правядзення канферэнцыі ўзнікла летам мінулага году як усведамленне неабходнасці даць адказ афіцыёзным ідэолагам, якія апошнім часам друкуюць “навуковыя” артыкулы, галоўная мэта якіх ачарненне асобы Кастуся Каліноўскага як беларускага нацыянальнага героя. Спадзяемся, у ходзе канферэнцыі будуць агучаныя новыя факты, звязаныя з асобай Каліноўкага, паўстаннем 1863 года і яго эпохай”.

У праграме канферэнцыі значацца выступы вядомых гісторыкаў Алеся Смалянчука, Алеся Краўцэвіча, Сяргея Токця. У дыскусіі прымуць удзел Арсень Ліс, Адам Мальдзіс, Алег Латышонак і іншыя асобы.