Каму зашкодзіў надпіс на крыжы памяці?

Табліцу з надпісам на беларускай і польскай мовах “Тут спачываюць невядомыя жаўнеры войска польскага, абаронцы Гародні ў верасні 1939. Чэсць іх памяці” невядомыя скралі ноччу. Аб гэтым Радыё Рацыі паведаміў ініцыятар усталявання крыжа Юзэф Пажэцкі:

Патрапіўшы сёння на вайсковыя могілкі, убачыў, што шыльды няма. Напэўна, гэта справа тых, каму перашкаджаў надпіс, які яна ўтрымлівала. Афіцыйная беларуская прапаганда разглядае гісторыю праз прызму гістарыяграфіі савецкіх часоў і аднабакова трактуе падзеі 1939 года. Да таго ж супрацоўнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі паведамілі, што ўсталяванне крыжа выклікала вялікі пярэпалах у ідэолагаў, якія на працягу ўчорашняга дня высвятлялі, хто ўсталёўваў крыж.

Бліжэйшым часам прадстаўнікі польскай меншасці збіраюцца звярнуцца ў пракуратуру з патрабаваннем правесці расследаванне гэтага выпадку.