На Летнюю школу рускай мовы ў Гродна прыехалі ўдзельнiкi з усяго свету: ад Японіі да Канады

|

У параўнанні з мінулым годам, геаграфія ўдзельнікаў больш разнастайная: Японія, Польшча (па 7 чалавек), Францыя (3 чалавекі), Германія, Італія, Кітай (па 2 чалавекі), Іспанія, Канада, ЗША, Вялікабрытанія, Ірак, Славакія і Бельгія (па 1 чалавеку).


Мэта кожнага – вывучаць рускую мову і знаёміцца з новай культурай. Для тых, хто пачынае вывучаць рускую з нуля, наша школа – выдатная магчымасць атрымліваць навыкі ад носьбітаў мовы. Тыя, хто ўжо вывучаў рускую, маюць за мэту ўдасканаленне пісьмовай і вуснай мовы, развіццё ўспрымання яе на слых. Удзельнікі змогуць таксама пазнаёміцца ​​з беларускай культурай і традыцыямі”, – распавяла каардынатар валанцёраў Летняй Школы Юлія Гапонiк.

 

У параўнанні з леташняй школай змяніўся ўзрост удзельнікаў. У 2015-м найстарэйшаму ўдзельніку было 36 гадоў, наймалодшаму – 20. У 2016-м гэтыя лічбы, адпаведна, 59 і 19 гадоў. Больш стала і дзяўчат: у 2015-м іх было 20 і толькі 6 хлопцаў, сёлета ж суадносіны – 18 дзяўчат і 12 хлопцаў.

 

Гэтым разам слухачамі Летняй Школы будуць не толькі студэнты, але і выкладчыкі, а таксама два аспіранты. Таксама мінулагоднія ўдзельнікі вяртаюцца ў Гродна і прывозяць з сабой сяброў. Гэтак, удзельніца з Італіі Алесандра Рыцца прыехала са сваім сябрам Франчэска Прэтэ. А Якуб Скродзкi з Польшчы прапанаваў сваю дапамогу ўжо ў якасці валанцёра.

 

Для ўдзельнікаў школы, акрамя чатырох гадзін заняткаў па рускай мове ў дзень (усяго 60 гадзін), падрыхтавана культурная праграма: экскурсіі па музеях Гарадзеншчыны, наведванне тэлерадыёкампаніі “Гродна” ды іншыя атракцыі.


“У гэтым годзе моцна змянілася праграма другой паловы дня. Яна стала больш інтэрактыўнай і пазнавальнай. Будуць майстар-класы не толькі па народнай творчасці, але і па народных танцах, музыцы i кухні. Валанцёры рыхтуюць этна-вечарыну з інтэрактыўнай пастаноўкай беларускага вяселля, дзе ў галоўных ролях будуць не толькі беларускія студэнты, але і замежнікі. Яны змогуць самі прыгатаваць пачастунак, прымерыць беларускія нацыянальныя строі, станцаваць польку ды адчуць сябе жаніхом і нявестай”, – дадала Юлiя. Пастаноўкай такіх вечароў будзе займацца каманда валанцёраў.

 

Школа будзе доўжыцца тры тыдні, па завяршэнні кожнаму ўдзельніку выдадуць дыплом.


Фота з архiву rls.grsu.by