“Будынак прыгожы, але гарадзенцаў не падманеш”. На Карла Маркса паказалі навадзел нібыта 1886 года

|

Навадзел не ўсе заўважаюць. Нехта наогул думае, што гэты будынак заўсёды тут і стаяў. Нагадаем, рэшткі старога дома знеслі ў студзенi. Тады ж будаўнікі ўзяліся за будаўніцтва новага аб’екта. Гарадзенцам абяцалі, што навадзел будзе выглядаць так, як арыгінальны дом да перабудовы ў савецкі час.


Дом на вуглу Маркса і Маладзёжнай знеслі канчаткова. Новы з’явіцца на яго месцы да Фестывалю нацыянальных культур

 

Новы аб’ект планавалі здаць да Фестывалю нацыянальных культур, але не паспелі. Вонкавы бок будынка практычна гатовы, цяпер будаўнікі займаюцца ўнутранымі працамі.

 

Гісторык Ян Лялевіч лічыць, што калі арыгінальны будынак сапраўды не маглі выратаваць, то новы добра ўпісаўся ў ансамбль старой вуліцы. Новая пабудова добра замяніла старую – у нейкім сэнсе зараз тут нават прыгажэй, чым было. Але калі быў рэальны шанец выратаваць стары дом, то гэта ўжо кепскі прыклад на будучыню.


“Галоўнае, каб зараз не павесілi шыльду “гісторыка-культурная каштоўнасць”, як гэта зрабілі на іншых навадзелах горада”, – кажа Ян.

 


“Насамрэч гарадзенцаў, якія бывалі ў цэнтры, ужо не падманеш. Яны ведаюць, што аб’ект на вуглу Маркса i Маладзёжнай – не арыгінал. Хоць ён і вельмі падобны на пабудову канца XIX стагоддзя. Госці горада, якія нiчога не ведаюць, будуць думаць, што маюць справу са старой адрэканструяванай пабудовай. Думаю, так будзе і з гарадзенцамі праз 20 гадоў”.

 

На фасадзе будынка бачная “дата заснавання” – 1886. Такая ж, як была на сапраўдным доме канца XIX стагоддзя.

 

 

Дом на вуліцы Маркса, 22 быў пабудаваны ў 80-х гадах XIX стагоддзя ў стылі электыкі. У канцы XIX стагоддзя будынак рэканструявалі ў сувязі з пракладкай вуліцы Маладзёжнай. Пазней у ім надбудадавалi  мансардны паверх. Да вайны ў доме была крама і цырульня. У другой палове ХХ стагоддзя тут жылі гараджане. Дом стаў пуставаць толькi з 2007 года. У 2014 асноўную частку будынка знеслі, а ў пачатку 2016 разбурылі і астатняе. Зараз гэта нерухомасць належыць “Гроднаэнерга”.