Легендарны кавалерыст Караль Румель. Першы беларускі алімпіец быў гарадзенцам

Легендарны кавалерыст

 

Наш першы спартовец-алімпіец з Гародні.

 

У траўні 1888 года ў сям’і генерала Рускага імператарскага войска нарадзіўся Караль Альфонсавіч Румель. Ён скончыў Адэскі кадэцкі корпус, Паўлаўскае вайсковае вучылішча ў Пецярбургу і Акадэмію мастацтваў. Хлопец вельмі хацеў стаць прафесійным вайскоўцам. 

 

Караль Румель, канец 1930-х гадоў

 

Пасля вучобы ён служыў у 14-м Маларасійскім драгунскім палку. Румеля хутка заўважылі і ўключылі ў алімпійскую каманду па канкуры (пераадоленне перашкод на конях). Падчас летніх Алімпійскіх гульняў 1912 года ў Стакгольме Караль Румель лідзіраваў, аднак з-за таго, што яго конь Зяблік зачапіў перашкоду і ўпаў, спартовец заняў толькі 15 месца. Больш таго, Румель зламаў некалькі рэбраў, аднак вырашыў закончыць скачкі ў сядле. За мужнасць швецкі кароль Густаў V узнагародзіў ураджэнца Беларусі спецыяльным залатым медалём, які быў копіяй алімпійскай узнагароды.

 

 

Праз два гады пасля Алімпіяды пачалася Першая Сусветная вайна, у выніку якой чатыры імперыі (Расійская, Асманская, Аўстра-Венгерская і Германская) разваліліся. На іх руінах з’явіліся незалежныя дзяржавы, у тым ліку, і Другая Рэч Паспалітая. У 1919 годзе Караль Румель паступіў на службу ў Войска Польскае і ў якасці маёра 8-га ўланскага палка мужна змагаўся з бальшавікамі. Ён удзельнічаў у кровапралітнай бітве пад Камаровам, дзе польскай кавалерыі ўдалося нанесці цяжкае паражэнне 1-й бальшавіцкай коннай арміі пад камандаваннем Сямёна Будзённага. За гераізм Румель быў узнагароджаны Крыжом “Віртуці Мілітары”.

 

Караль Румель на Алімпіядзе 1912 г.



Дзьве Алімпіяды і дзясяткі турніраў

 

У 1920 годзе Каралю Румелю даверылі падрыхтоўку польскай каманды да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях. Менавіта ён падрыхтаваў Адама Крулікевіча, які ў 1924 годзе заняў трэцяе месца ў канкуры і заваяваў для Польшчы першы алімпійскі медаль.

 

Караль Румель, трэці злева

 

 

У 1924 годзе Румель і сам прыняў удзел у летніх Алімпійскіх гульнях у Парыжы, дзе на кані па мянушцы“Фаварыт” заняў 11-е месца ў індывідуальным заліку і 6-е  у камандным.

 

Караль Румель, пачатак 1930-х

 

 

 У 1927 годзе Караль Румель разам з калегамі па Войску Польскім узяў галоўны прыз на спаборніцтвах у “Мэдзісан-сквер-гадэн” у Нью-Ёрку, а праз год, на летніх Алімпійскіх гульнях у Амстэрдаме заваяваў бронзавы медаль у трохбор’і. Тры разы (у 1925, 1927 і 1928) Румель заваёваў прэстыжны трафей Кубак нацый.

 

У апытанцы “Спартовага агляду” ў 1927 годзе на званне лепшага спартоўца года Караль Румель заняў другое месца. 

 

Караль Румель на спаборніцтвах. 1930-я 

 

 

У 1929-м у званні падпалкоўніка спартовец звольніўся з войска і сканцэнтраваўся на ўдзеле ў спаборніцтвах. Напярэдадні Другой Сусветнай вайны гарадзенец устанавіў рэкорд Польшчы ў скачках у вышыню на канях (198 см). Тады яму быў 51 год.

 

У верасні 1939-га Караль Румель аказаўся ў нямецкім палоне. Пасля чаго быў у канцлагерах Дахаў і Маўтхаўзэн. 

 

Падчас аднаго з турніраў

 

 

Яму пашчасціла выжыць. Пасля вызвалення з нямецкай няволі ён вярнуўся ў Польшчу, працаваў трэнерам коннай язды ў Сопаце, здымаўся ў мастацкіх фільмах (між іншым, у стужках знакамітага Анджэя Вайды). Пайшоў з жыцця Караль Румель у 1967 годзе

 

Румель на здымачнай пляцоўцы аднаго з фільмаў

 

 

Паплечнік Каліноўскага

 

Насамрэч айчынная алімпійская гісторыя больш доўгая, бо беларус удзельнічаў у арганізацыі першых сучасных Алімпійскіх гульняў у Грэцыі яшчэ ў 1896 годзе. Размова пра ўраджэнца АшмяншчыныЖыгімонта Мінейку. Ён прымаў удзел у Паўстанні Кастуся Каліноўскага. Камандаваў атрадам касінераў і ўдзельнічаў у некалькіх баях з царскімі войскамі. Пазней Мінейка стаў начальнікам Ашмянскага павету. У рэшце рэшт, паўстанец трапіў у рукі царскіх улад і быў прысуджаны да смяротнага пакарання. 

 

Жыгімонт Мінейка

 

 

Аднак героя выратавала расійская карупцыя. Хабар дапамог замяніць растрэльны прысуд на 12 гадоў катаргі ў Сібіры. У 1865 годзе беларускі шляхціч збег у Францыю, дзе скончыў вайсковую школу. Пасля ён пераехаў у Грэцыю, дзе працаваў вайсковым інжынерам, а пазней узначаліў тапаграфічны адзел Генштаба грэцкай арміі. Менавіта пад яго кіраўніцтвам былі рэканструяваны і падрыхтаваны да Алімпійскіх гульняў 1896 года антычныя алімпійскія стадыёны. 


У 1922 годзе інжынер наведаў Другую Рэч Паспалітую і быў узнагароджаны польскімі ўладамі Крыжом Віртуці Мілітары. Перад смерцю сваю багатую нумізматычную калекцыю Мінейка перадаў у Віленскі ўніверсітэт. Памёр адзін з бацькоў адраджэння алімпійскага руху ў 1925 годзе.