Безбар’ерны кінатэатр ствараюць у Гродне: далучыцца да добрай справы можа кожны

|

Са словаў кіраўнічкі гарадзенскага дзіцячага хоспіса Вольгі Шульгі, кінатэатр без бар’ераў патрэбен, каб інтэграваць у грамадства дзяцей з цяжкімі формы фізічнай ці псіхічнай інваліднасці.

 

 

“Пад час працы з дзецьмі і бацькамі мы прышлі да ўсведамлення – у Гродне не хапае месцаў, што адпавядаюць патрабаванням такіх дзяцей. Створаны ў нас сэнсорны пакой дае вельмі добрыя вынікі, але ён пакуль што адзіны ў сваім родзе. Кінатэатр стане другой падобнай прасторай”.

 

 

Апроч безбар’ернага асяроддзя для іх патрабуюцца адмысловыя умовы, каб псіхалагічна і фізічна камфортна бавіць час. “У адрозненні ад звычайнага кінатэатра, тут не будзе звыклых шэрагаў крэслаў, – кажа Вольга. – Кожнае дзіця будзе мець магчымасць выбраць зручнае для сябе месца ў прасторы. Нехта захоча застацца на вазку, а іншы – пасядзець на канапе. Падчас прагляду даўжэйшых фільмаў ці мульцікаў, дзяцей з цяжкай фізічнай інваліднасцю можна будзе размясціць у бескаркасных фатэлях, што прымаюць форму цела. Гэта дасць ім магчымасць далучыцца да прагляду, бо доўга сядзець у вазках такім дзецям вельмі цяжка”.

 

Улічаны і фактары псіхалагічнага камфорту: “Вельмі вялікія прасторы прыгнятаюць псіхіку, наш безбар’ерны кінатэатр разлічаны на 20-30 асобаў – такую прастору дзецям лягчэй асвоіць”, – кажа Вольга.

 

 

Важным складнікам безбар’ернага кінатэатра стане дызайн памяшкання. Яго плануюць вытрымаць у даўніх беларускіх традыцыях, але на сучасным функцыянальным узроўні. “Там будзе стылізаваная павозка з сапраўднымі коламі, драўляныя бэлькі на столі, тканае пано з беларускім арнаментам і сапраўдны прабабулін куфар”, – распавяла аўтарка дызайн-праекта Святлана Пінчук. “Хочацца даць гэтым рэчам новае жыццё, упісаць іх у сучасны быт, каб гэта магло стаць прыкладам і натхніць іншых”. Каларыстыка прасторы будзе стрыманай і спакойнай – у прыроднай  танальнасці і колерах зямлі.

 

 

Беларускасць інтэр’ера, паводле супрацоўнікаў дзіцячага хоспіса, таксама павінна працаваць на стварэнне псіхалагічна-камфортных умоваў. Гэта, на іх думку, абумоўлена глыбіннай генетычнай памяццю: “Я шчыра ўпэўнена, што Беларусь дрэмле ў кожным, – кажа Вольга Шульга, – і праз стварэнне  такой прасторы мы стараемся яе абудзіць, каб гэта таксама стала апорай і падтрымкай дзецям”.

 

У выбары матэрыялаў для аздаблення арыентаваліся на экалагічнасць і цэны. “Для бэлек будзем выкарыстоўваць беларускую драўніну, а для плафонаў дызайнерскай люстры – беларускі лён”, – распавядае Святлана Пінчук. Гэтыя матэрыялы – жывыя, і перадаюць людзям моц і энергетыку прыроды. “Яны даюць пах, цеплыню, фактуру. Да іх можна дакрануцца і праз тактыльныя адчуванні таксама атрымаць пэўную інфармацыю”. Столь у памяшканні пакрылі мелам – гэта і экалагічна, і аўтэнтычна, і танна.

 

 

Што да магчымасцяў выкарыстання новай прасторы, то арганізатары зрабілі стаўку на мульціфункцыянальнасць. Тут плануюць праводзіць кінасеансы і інтэграцыйныя мерапрыемствы з удзелам дзяцей, што маюць інваліднасць, сустрэчы з бацькамі гэтых дзяцей, працу з валанцёрамі і публічныя лекцыі па тэматыцы здаровага ладу жыцця. Прадугляджваюць у безбар’ерным кінатэатры і міні-кухню з мікрахвалёўкай, кава-машынай ды электрычным імбрыкам – кубак гарачага напою, на думку арганізатараў, паспрыяе стварэнню нефармальнай абстаноўкі на любой з імпрэз.

 

Сродкі на тое, каб ператварыць амбітныя планы ў жыццё, дзіцячы хоспіс збірае праз краўдфандынгавыя пляцоўкі MaeSens i Talaka. Але дапамога грашамі не адзіная магчымасць далучыцца да стварэння безбар’ернага кінатэатра. “Нам вельмі дапамагаюць валанцёры, – распавядае Вольга Шульга, – сярод іх і асобныя актыўныя гарадзенцы і цэлыя прадпрыемствы”.

 

 

Дапамагчы разабрацца з аднаўленнем будаўнічых канструкцый дапамагалі спецыялісты-будаўнікі з фірмы Conte на чале з галоўным інжынерам прадпрыемства, фарбы для аздобы памяшкання выдзеліла фірма “Белсовтекс”.

 

 

Усю складаную праграмаваную электрыку для безбар’ернага кінатэатра бясплатна зрабіў гарадзенец Юрый Дзіргайла, а Сяргей Іваноў таксама па-валанцёрску дапамагае з будаўнічымі работамі – хутка будзе класці плітку. “Любая дапамога – гэта каштоўны ўнёсак у праект”, – зазначае Вольга Шульга.

 

 

Можа, нехта захоча аддаць тэхніку, што нам патрэбна, ці посуд для міні-кухні, ці можа нават проста дапамагчы перыядычна рабіць уборку, бо ў час рамонту гэта неабходна часта – мы будзем шчыра ўдзячны!”

 

Каб адзначыць тых, хто дапамагае стварэнню кінатэатра, арганізатары прадугледзелі падарункі для ўдзельнікаў краўдфандынгу.

 

 

 

Галоўнай падзякай для кожнага, хто спрычыніцца да добрай справы, стане намаляваны з імёнаў удзельнікаў краўдфандынгу лагатып Гродзенскага хоспіса. Карціна будзе малявацца паэтапна  – кожны месяц дапаўняцца імёнамі новых удзельнікаў. Такім чынам, можна будзе разам назіраць, як рухаецца справа.

 

Здымкі аўтаркі і са старонкі Гродзенскага дзіцячага хоспіса на Facebook