Усё для веларуху: супрацоўнікі ДАІ з рулеткамі замерылі высокія бардзюры ў Гродне

|

Менавіта па ініцыятыве велактывiстаў і ДАI паніжаюцца бардзюры ў горадзе. Зараз ідзе збор дадзеных для чарговых змен.


“Змены ў інфраструктуры, камфортнай для веласіпедыстаў, праходзяць вельмі павольна. Галоўнае адкуль яны пачынаюцца – гэта свядомасць людзей, якія прымаюць рашэнне. Мы вельмі рады, што цяперашні склад кіраўніцтва ДАІ Гродна з першага года працы адгукнуўся на патрэбы веласіпедыстаў і ўсяляк садзейнічае развіццю велаінфраструктуры. Нядаўна было ўлічана наша меркаванне адносна магчымай забароны руху па мосце, а сёння адбыўся сумесны рэйд па высокіх бардзюрах”, – адзначыла старшыня праўлення грамадскага аб’яднання “ВелаГродна” Юлія Каляда.

 

Падобны рэйд супрацоўнікі ДАІ праводзілі яшчэ летась, але тады яны працавалі адны. У гэтым годзе вырашылі запрасіць журналiстаў i велаактывiстаў, бо зразумелі, што праблемы ёсць і іх трэба вырашаць разам.

 

 

У выніку дзве групы па пяць чалавек адправіліся ад універсама “Брэст” да Пышкоў, па дарозе фіксуючы парушэнні. У адной групы праблемы пачаліся ўжо каля аўтобуснага парка, у другой самы праблемны участак выпаў на вуліцу Паповіча. Там бардзюры перавышалі 20 см, хаця па нормах павінны наогул мець 0 см. Супрацоўнікі ДАІ, якія былі ў кожнай групе, распавялі, што ў старых правілах дапускаліся бардзюры 5 см, але ніяк не вышэй.

 

У сярэднім бардзюры па маршруце мелі вышыню 14 см. Дзе-нідзе былі і згодныя з нормамі.

 


“Нашы супрацоўнікі таксама ездзяць на роварах і заўважаюць праблемы. На адной з сустрэч у гарвыканкаме кіраўніцтва горада і супрацоўнікi ДАІ абмяркоўвалі пытанні арганізацыі дарожнага руху. Было ўзнята пытанне веласіпедыстаў: іх у Гродне вельмі шмат, таму горад павінен прыстасоўвацца і да іх руху. Асаблiва востра стала пытанне высокіх бардзюр. Гэта не толькі праблема веласіпедыстаў, але і людзей з абмежаванымі магчымасцямі і мам з каляскамі. Так нарадзілася ідэя сумеснага веларэйду па праблемных пераездах”, – адзначыў начальнік аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ УУС Гродзенскага аблвыканкама Андрэй Цыдзік.

 

Вынікі праведзенай работы будуць адпраўлены ў камунальныя службы, якія павінны будуць ліквідаваць праблемы ў бліжэйшы час. Магчыма, такія рэйды велаактывiстаў і супрацоўнікаў ДАІ стануць рэгулярнымі.