Беларускі Вавілон на хвалях часу: шматканфесійная Гародня вачыма журналістаў

|

Артыкул створаны групай журналістаў з розных рэгіёнаў у межах фестывалю “БАЖынкі-2016”, што адбыўся 19-20 жніўня. Фестываль штогод праводзіцца на розных пляцоўках, сёлета ён прайшоў у Гродне. Сярод тэмаў, над якімі працавалі ўдзельнікі: мульціканфесійнасць горада, захаванне гістарычнай забудовы ў гарадской прасторы, асаблівасці жыцця на мяжы і бізнес, што пачаўся з сацыяльных праектаў.


Дзякуючы разумнай палітыцы ўладаў Вялікага Княства Літоўскага, у Гародні мірна суіснавалі рымакаталікі, уніяты, праваслаўныя, юдэі і пратэстанты. Прывілеі, дадзеныя габрэям Вітаўтам Вялікім, ператварылі Гародню ў буйны цэнтр гандлю і рамёстваў. Касцёл (на першым здымку) пабудаваны ў 1705 годзе.


А запрашэнне гарадзенскім старастай Антоніем Тызенгаўзам нямецкіх і галандскіх майстроў узбагаціла горад лютэранскай супольнасцю і кірхай, пабудаванаю ў 1793 годзе.

 

Дамінуючай канфесіяй на працягу стагоддзяў заставаліся рымакаталікі, якія, тым не менш, не заміналі жыць і развівацца ўніяцкай і праваслаўнай меншасцям.

 

 

Існаванне кожнай з гэтых супольнасцяў неадрыўна звязана з гісторыяй нашага рэгіёну Еўропы, якую амаль у кожным стагоддзі можна назваць гісторыяй войнаў. Але і пасля шматлікіх марсавых хваляў, што пракаціліся па нашых землях, Гародня засталася домам для некалькіх веравызнанняў, якія суіснуюць і робяць горад багатым і разнастайным.

 

Адзіны ў Беларусі лютэранскі храм


Першыя лютэране ў Горадні з’явіліся яшчэ ў XVI стагоддзі. Але буйная канфесійная супольнасць паўстала ў канцы XVIII стагоддзя. У часы праўлення Станіслава Аўгуста Панятоўскага пачалі праводзіцца рэформы, і па запрашэнні гарадзенскага старасты Антонія Тызенгаўза ў горад прыехалі нямецкія і галандскія майстры, якія і сфармавалі лютэранскую супольнасць.

 

Кірха ў Горадні дзейнічае з 1793 года. Яе пабудавалі на месцы былой нямецкай таверны. У 1912 годзе храм быў перабудаваны і набыў сучасны неагатычны выгляд. Падчас сусветных войнаў лютэране цярпелі нароўні з прадстаўнікамі іншых канфесіяў, але і мірны час у ХХ стагоддзі не быў вельмі спрыяльным для развіцця супольнасці.

 

Пастар лютэранскай суполкі Гародні Уладзімір Татарнікаў

 

28 лістапада 1940 года – сумная дата ў гісторыі беларускага лютэранства. Мужчынскую палову лютэран расстралялі НКУСаўцы, а іх жонак і дзяцей саслалі ў Сібір і Казахстан. Штогод гарадзенскія лютэране ўзгадваюць у гэты дзень сваіх загінулых сувызнаўцаў.

 

Пасля другой сусветнай лютэране дзейнічалі ў падполлі, а ў кірсе працаваў гарадскі архіў. Толькі ў 1993 годзе ўлады вярнулі храм вернікам – але не цалкам. Будынак дагэтуль застаецца ў камунальнай уласнасці. Дзякуючы дапамозе нямецкай амбасады і лютэранскіх суполак Нямеччыны адзіны ў Беларусі лютэранскі храм два гады таму атрымаў арган і мэблю. Большасць гарадзенскіх лютэранаў сёння не маюць нямецкіх каранёў, яны выбралі гэтае веравызнанне па поклічы сэрца.

 

Над габрэйскім светам ніколі не заходзіць сонца

 

Сёння цяжка паверыць у тое, што да другой сусветнай вайны юдэі складалі амаль палову насельніцтва Гародні. Бо сёння колькасць габрэяў – усяго каля трох соцень. Праўда, на святы ці калі ў юдэйскую суполку прыходзіць гуманітарная дапамога з замежжа, іхняя колькасць раптам узрастае да пяці соцень, кажа Барыс Квяткоўскі, старшыня Савета юдэйскай рэлігійнай суполкі Горадні.

 

Барыс Квяткоўскі – старшыня юдэйскай супольнасці Гародні

 

Халакост у Горадні перажылі толькі каля 180 юдэяў – якіх схавалі ад расстрэлу іхнія суседзі іншых веравызнанняў, нягледзячы на тое, што падчас фашыстоўскай акупацыі за дапамогу габрэям пагражала смяротнае пакаранне. Некалькі фота такіх гарадзенцаў, што выратоўвалі габрэяў ад немінучай смерці, можна пабачыць сёння ў маленькім музеі гісторыі гарадзенскіх габрэяў у Вялікай Харальнай Сінагозе.

 

Гарадзенская харальная сінагога

 

 

Адраджэнне рымакаталіцкай супольнасці

 

Сказаць, што савецкая ўлада адносілася да рымакаталікоў непрыязна – гэта нічога не сказаць. Дастаткова ўзгадаць падрыў Фары Вітаўта на Савецкай плошчы ўвосень 1961 году. Касцёл сёстраў Брыгітак у 90-я таксама ўдалося адстаяць толькі няспынным малітвам вернікаў у калідорах гарадзенскага гарвыканкама – кажа рэктар пабрыгідзкага касцёла Антоній Грэмза.

 

Фотапараўнанне: Гродна з Фарай Вітаўта і без яе


Як магла б выглядаць Фара Вітаўта ў сучасным Гродне

 

Ксёндз-рэктар Антоній Грэмза з рэліквіямі Святога Клеменса

 

Шмат аб’ектаў сакральнай спадчыны Горадні ў ХХ стагоддзі страчаны беспаваротна. Гэта бачна хаця б па стане гэтай памятнай табліцы на былой школе імя караля Стэфана Баторыя.

 

Шыльда на былой школе імя Баторыя

 

У нялепшым стане і ўнікальны драўляны лямус XVIII стагоддзя, пабудаваны без аніводнага цвіка. У гарадскіх уладаў адзін адказ – не стае сродкаў. Але калі б кіраўніцтва гораду сапраўды хацела захавання багатай гісторыі гораду – знайшліся б і спонсары, і сродкі. Часам дастаткова проста мабілізаваць гараджан – і наступныя пакаленні атрымаюць шанец не страціць гэтага багацця – мульціканфесійнай і гарманічнай Гародні на хвалях часу.

 

Гарадзенскі лямус – драўляная архітэктура 18-га стагоддзя



І ўцячы лягчэй, і беспрацоўе не страшнае. Як жыць на памежжы