У Міры ўсталёўваюць шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц

|

Як паведамілі Свабодзе ў музеі, праект вяртання гістарычных назваў вуліц прадставілі ў Міры ў чэрвені 2016 году на сельскім сходзе. Мясцовай супольнасці музейная ініцыятыва спадабалася.

 

«Стаўленне ва ўсіх станоўчае, — сказала Свабодзе Анаіт Арзуманян, спецыяліст па сувязях з грамадскасцю ў музеі. — Некаторыя жыхары нават прапаноўвалі заплаціць за шыльды, якія прымацоўвалі да іхніх дамоў. Але мы тлумачылі, што ініцыятыва — цалкам нашага музею, і, адпаведна, нікому з жыхароў нічога плаціць не трэба».

 

Ідэю прадубляваць сучасныя назвы гістарычнымі супрацоўнікі музею пазычылі ў Смаленску. Туды яны ездзілі на пачатку лета на міжнародную навукова-практычную канферэнцыю.

 

 

Таксама ў лютым 2016 году ў Федэральным архіве нямецкага горада Кобленца Вольга Папко, дырэктарка музею, знайшла дзве мапы Міра XIX стагоддзя. Адтуль і ўзялі гістарычныя назвы вуліц.

 

Грамадска-культурны праект «Гістарычныя назвы вуліц Міра» ладзіцца дзеля папулярызацыі гістарычнай спадчыны Міра. Супрацоўнікі музею праводзяць экскурсіі не толькі на тэрыторыі замкавага комплексу, але і па самім мястэчку. У музеі лічаць, што са з’яўленьнем гістарычных назваў XIX стагоддзя такія экскурсіі будуць больш цікавымі і нагляднымі.

 

 

76 шыльдаў з гістарычнымі назвамі будуць усталяваныя на 17 вуліцах.

 

«Старыя шыльды з будынкаў не прыбіраюцца, да іх проста дадаюць новыя, бо афіцыйна назваў вуліц ніхто не змяняе, — сказала Арзуманян. — Дадаюцца шыльды толькі на тыя вуліцы, якія прысутнічаюць на згаданых мапах».

 

 

Некаторыя сучасныя вуліцы ў XIX стагоддзі былі падзеленыя на дзве часткі з рознымі назвамі, а некаторыя, наадварот, былі часткамі адной доўгай вуліцы.

 

Таксама ў цэнтры Міра з’явяцца тыя самыя мапы XIX стагоддзя, раздрукаваныя на вялікіх шчытах.