Гарадзенскія канцэрты на балконах хоча аднавіць “Гроднааблсаюздрук”

|

– Павел Канстанцінавіч, як здарылася, што прадпрыемства па продажу газет і часопісаў узышло на новыя рэйкі?

 

– Мы прыдумалі сістэму гандлю «сёе-тое», хочам развеяць стэрэатып, што «Гроднааблсаюздук» – гэта толькі газеты і кнігі. Наша новая крама, акрамя традыцыйных тавараў, прапануе і многа іншага. Гэта і парфума, шкло, канцтавары, цацкі для дзетак, сувеніры – іх тут на любы густ – ад магнітаў да талерак і кубкаў. Таксама мы будзем прадаваць білеты на канцэрты нашых беларускіх і замежных зорак. Уладкавалі фотазону, куток для наведвальнікаў, дзе можна падсілкавацца кубачкам кавы. Гэта новы падыход.

 

Першы злева – Павел Скрабко

 

– Нагадайце, дзе знаходзіцца ваша крама і што тут было раней?

 

– Мы адкрыліся ў самым цэнтры старога Гродна, па вуліцы Савецкай, 3. Крама месціцца ў сучасным гандлёвым радзе, а некалі даўно, у ХІХ стагоддзі тут знаходзіліся і банкаўская кантора, і паўночнае страхавое таварыства, і пякарня, былі і крамы. Належыў будынак вядомаму гродзенскаму купцу Тарлоўскаму.

 

– Назва крамы каларытная – « Багач». У чым яе сэнс?

 

– Спадзяюся, нам тут пашанцуе. Але галоўны сэнс, каб стварыць у старым горадзе ўтульнае беларускае асяроддзе. Дзеля гэтага мы ўпрыгожылі сцяну старажытнымі народнымі сімваламі, а ў цэнтры – «Багач». Свята адзначаюць пасля збору ўраджаю ў верасні. У гэты дзень усе жадаюць адзін аднаму быць багатымі, як восеньскі ўраджай. Таксама ёсць сімвалы жыцця, дажджу, сям’і, дзяцей.

 

– Тут можна і сувеніры з такой сімволікай набыць…

 

– Іх мы зрабілі на любы густ. Кубкі з разнастайнымі сімваламі, талеркі, магніты… Яны пакінуць добры ўспамін пра горад і краіну ў замежных турыстаў, будзе што набыць і нашым гродзенцам…

 

– У чым яшчэ «беларускасць» крамы?

 

– Назвы тавараў і іх кошт напісаны па-беларуску. Прадаўцы таксама павінны размаўляць на роднай мове. Дарэчы, гэта было важнай умовай пры ўладкаванні на працу. У нас валодаюць англійскай, італьянскай, партугальскай мовамі. Так што зразумеем і замежных турыстаў.

 

– А што гэта за фотазона і куток для пакупнікоў, аб якіх вы паведамілі ў пачатку размовы?

 

– Упершыню у Гродзенскай вобласці можна зрабіць здымкі у 3D – фармаце. Ёсць матрыцы з героямі мультфільмаў, для хлопчыкаў – танкі. Акрамя гэтага можна заказаць фільм у 3D, напрыклад, сямейнага свята. Таксама прапануем наведвальнікам выпіць кубачак кавы ці гарбаты. Набылі кава-машыну, у хуткім часе паставім столікі. Тут можна пагартаць і часопісы. У нас ёсць экспазіцыя рэдкіх выданняў. Напрыклад, часопіс «Лайф» сярэдзіны 50-х гадоў. Гэтага ж перыяду рэдкі экзэмпляр часопіса «Амерыка», які выдаваўся ў СССР. З іх пачыналіся глянцавыя часопісы. Ёсць таксама кніжныя выданні канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў.

 

– Ці будзе «Гроднааблсаюздрук» пашыраць такую практыку надалей?

 

– Мы такі намер маем. Тым больш, што ў нас ужо з’явіўся ўласны фірменны стыль. У ім некалькі асаблівасцей. Па-першае, гэта тэрыторыя выгадных цэнаў, і мы на фасадзе гэта адзначылі. Па-другое, наша крама набыла свою адметную афарбоўку. У далейшым будзем выкарыстоўваць гэтыя атрыбуты, каб нас пазнавалі. Таксама плануем рабіць экспазіцыі да святаў. Толькі што адзначылі яблычны Спас. Наступныя – Спас арэхавы и свята Багач будзем сустракаць з восеньскімі дарамі.

 

– Можа, станеце ініцыятарамі нейкіх новых традыцый у горадзе?

 

– Ёсць у нас адна задумка. Хочам адрадзіць музычныя канцэрты на балконах. Некалі на вуліцы Савецкай была такая традыцыя, але, на жаль, адышла. Магчыма, мы вернемся да яе, бо ў гэтым будынку ёсць балкон. Спадзяюся, што гродзенцы змогуць пачуць з яго і джаз, і класіку, і этнічныя мелодыі.