Фотафакт: Як у Гродне супрацоўнікі МНС змагаюцца з восамі

|

За лета гэта быў трэці і, напэўна, апошні выезд ратавальнікаў да жыхаркі дома, якую турбавалі восы і не давалі спакойна знаходзіцца не толькі на балконе, але і ў пакоі. Калі раней супрацоўнікі МНС спрабавалі латаць шчыліны мантажнай пенай, то гэтым разам прыйшлося раскручваць металічныя пласціны на балконе і шукаць гняздо, каб яго ліквідаваць.

 

 

Выклікі па восах пераважна паступаюць ад школ, дзіцячых садкоў, а ў летні час – ад лагераў, то бок, калі ёсць пагроза дзецям, распавялі ў МНС. Ва ўсіх астатніх выпадках паслугі ратавальнікаў платныя.

 

Самастойна з восамі змагацца можна. Галоўнае – прытрымлівацца правілаў.

 

Для ліквідацыі вос разам з іх жыллём трэба дачакацца ночы, калі яны будуць спаць. Асвятляць гняздо нельга, бо так вы абудзіце яго насельнікаў. Але восы не бачаць чырвонага святла, таму выкарыстоўвайце ліхтарык з чырвоным шклом або зацягніце яго чырвонай плёнкай. Ноччу восы не актыўныя, але меры беспекі ўсё ж варта прыняць: надзець касцюм, акуляры, на галаву – накамарнiк або ахоўную сетку, на рукі – шчыльныя пальчаткі. На целе не пакідаць адкрытых месцаў. Пасля гэтага хутка апырскаць гняздо або шчыліну аэразолем з дыхлафосам або падобным інсектыцыдам і хутка сысці. Асноўная маса вос загіне да раніцы, а тыя, што выжывуць, павiнны перабрацца ў іншае месца. Гняздо трэба знішчыць, а калі восы з’явіліся ў шчылінах цаглянага мура, то шчылiны трэба замазаць мантажнай пенай або іншымi сродкамі.