Камунізм прайшоў, брэжнеўкі засталіся. Першай гродзенскай панэльцы спаўняецца паўстагоддзя

Некалькі пакаленняў гродзенцаў, ды і наагул савецкіх людзей, паспелі нарадзіцца, вырасці і нарадзіць уласных дзяцей у панэльных пяціпавярховіках. І акурат першыя панэлькі былі заселеныя шчаслівымі гродзенцамі ў 1966 годзе.

 

Першыя шматпавярховікі – толькі ў 60-х

 

Першыя два пасляваенныя дзесяцігоддзі шматпавярховых дамоў у Гродне амаль не будавалі. Паўставалі раёны прыватнай забудовы – Маслабаза ды так званыя Шанхай і Пярэселка каля Нёмана. Толькі ў 1950-х гг. забудавалі лакуны ў даваенных кварталах, што з’явіліся пасля бамбардзіровак у 1941–1944 гг. Так з’явіліся двухпавярховікі на Падольнай, Паляўнічай (цяпер Гагарына), Валковіча ды прыгожыя кварталы на Скідзельскай (Касманаўтаў).

 

Тыповая Гародня. Сталінкі, іх адметныя франтоны і натхненне тызенгаўзаўскімі дамкамі

 

Тыповая Гародня: “сталінкі” ў горадзе або пачатак тыповага будаўніцтва

 

А ў сярэдзіне 1960-х гг. з’явіўся першы спецыяльны шматпавярховы тыпавы квартал – так званы 7-ы квартал у раёне вуліц Міра – Гагарына – Гогаля. Вось тыя дамы на Міра і сталі першымі паўнавартаснымі гродзенскімі хрушчоўкамі.

 


Памеры хрушчовак – яшчэ з ХІХ стагоддзя

 

Мізэрныя памеры “хрушчоўскіх” кватэр паходзілі яшчэ з 70-х гг. ХІХ ст. калі германскія сацыял-дэмакраты распрацавалі мінімальныя гігіенічныя і санітарныя нормы для тагачасных рабочых. Напрыклад шырыня ваннай у 110 см дапускала, што чалавек будзе выцірацца толькі рухаючы рукамі не справа налева, а па дыяганалі. А шырыня туалета ў 73 см планавалася з таго меркавання, што шчуплы рабочы не застране ў памяшканні, седзячы на ўнітазе.

 

Затое ў адным з дамоў па вуліцы Міра былі пад дахам запланаваныя вялікія майстэрні для гродзенскіх мастакоў, каб апошнія праз вялікія вокны маглі бясконца маляваць Каложу, гістарычны цэнтар ды коміны азотнатукавага камбіната, што пачыналі выбівацца з-за вежаў Фарнага касцёла.

 

 

Усе дамы на Міра зроблены з розных матэрыялаў – жоўтай глінянай цэглы розных памераў, сілікатнай цэглы, вялікіх сілікатных эксперыментальных блокаў… Аднак хутка будаўнічыя эксперыменты скончыліся, паколькі да Гродна дабралася папулярная ўжо ў Маскве ды Ленінградзе тэхналогія панэльнага будаўніцтва.


Скласці панэльку за 15 дзён

 

Панэльныя дамы з бетонных арміраваных пліт, якія залівалі ў спецыяльныя формы, можна было будаваць за 45 дзён (15 дзён на будоўлю і 30 на ўнутраную аддзелку). Ленінградскія будаўнікі нават некалі пабілі рэкорд, зманціраваўшы панэльны пяціпавярховік за пяць дзён.

 

 

Першыя панэлькі на Пушкіна ды Паповіча былі дзяржаўныя, іх атрымлівалі рабочыя КБМа ды іншых прадпрыемстваў. Тое былі панэлькі так званай 464 серыі, якія хаця і мелі па чатыры кватэры на адным паверсе ды сумешчаныя туалеты і ванныя, але ўсё ж выгадна адрозніваліся ад сваіх папярэдніц.

 

Пушкіна, 1968

 

Бо, напрыклад, у Маскве пад канец 1950-х гг. узвялі некалькі дзясяткаў дамоў серыі К-7, дзе міжкватэрная гіпсабетонная сцяна складала ўсяго 8 сантыметраў. З-за незвычайнай гукапрахадзімасці такіх дамоў і пайшоў жарт, што “чутно, як сусед пяр…ць пад коўдрай”!


Прадай карову – купі кватэру

 

З 1967 года ў Гродне пачалі паўставаць так званыя ЖБК (жыллёва-будаўнічыя кааператывы). Дзяржава не магла стрымліваць плынь уцекачоў з вёскі ў горад і вырашыла далучыць іх уласныя фінансы да жытловага будаўніцтва. Сям’я станавілася на чаргу, самастойна выплочвага першы ўзнос (бацькі на вёсцы найчасцей прадавалі карову) і пасля цягам 15–20 гадоў разлічвалася з дзяржавай за кватэру.

 

Горкага і Пушкіна, 1968

 

Уласнае жытло плошчай у 45 кв.м каштавала каля 5 тыс. руб., што ў пераліку давала кошт аднаго квадратнага метра ў 100–110 савецкіх рублёў. Такая сума была справядлівай і адпавядала сярэдняй савецкай зарплаце.

 

Ужо ў пачатку 70-х пачалі будаваць супердоўгія панэлькі з некалькіх злучаных дамоў. У моду нават увайшлі дамы, якія павінны былі з вышыні глядзецца як абрэвіятуры. Напрыклад у Мінску пачалі будаваць чатыры панэлькі, што складалі свяшчэнны скарот СССР. Праўда, кажуць, пабудавалі толькі дзве літары, таму з паветра бачна СС. Ці былі такія эксперыменты ў Гродне – невядома. Ды і хто ў тыя часы лятаў па-над савецкімі гарадамі? Хіба толькі амерыканскія спутнікі-шпіёны.


Камунізм прайшоў побач, а панэлькі засталіся

 

Да моманту распаду СССР раёны брэжнеўскіх панэлек былі разбаўлены новымі дзевяціпавяховікамі “чэшскай” планіроўкі (для іх зазвычай спецыяльна пакідалі месца ўздоўж вуліц), што, аднак, не адбілася на адноснай “чалавечнасці” памераў гэтых раёнаў у параўнанні з пазнейшымі Вішняўцамі ды Альшанкамі.

 

Праўда, гэтыя пяціпавярховікі планавалі знішчыць, калі савецкае грамадства ўсё ж дабрыдзе да камунізму. Камунізм прашоў недзе побач, а паўстагоддзя, адведзеныя праектантамі брэжнеўскім панэлькам, ужо заканчваюцца.

 

 

У Маскве іх актыўна зносяць, у Мінску некаторыя дамы “пашырылі” за кошт шостага паверха (у Гродне толькі адзін такі “шасціпавярховы” дом на вул. Паповіча), але ў большасці гарадоў былога СССР ім проста прадоўжылі “срок жыцця” да 150 гадоў, не асабліва ўлічваючы, што чыгунныя камунікацыі, у адрозненне ад бетонных сцен, дакладна столькі не пражывуць. Але што паробіш. Праз пяцьдзясят гадоў пабачым!