Гарадзенка Яна Трушко скарыла Іспанію і стала тварам італьянскай кампаніі

|

Міжнародны конкурс прыгажосці “The Best Model of Europe” сабраў больш за 400 удзельнікаў. У намінацыі “International” за перамогу ў фінале змагаліся 30 дзяўчат і 20 хлопцаў з Італіі, Іспаніі, Філіпін, Бразіліі, Польшчы, Украіны, Беларусі, Тога, Перу, Эквадора і Марока.

 

У гэтым годзе ўпершыню ў конкурсе прынялі ўдзел прадстаўнікі Беларусі і Польшчы. Мадэлі былі адабраны ў рамках праекта VIP Prestige (афіцыйны прадстаўнік конкурсу – ТАА “Лоял Клаб”) і выступілі пад эгідай “The Best Model of Europe – Belarus”.

 

У каманду ўвайшлі мадэлі: Яна Трушко (Беларусь, Гродна), Сямён Ларын (Беларусь, Гродна) і Эліза Усцінава (Польшча).


Гарадзенцы прайшлі ў фінальны этап конкурсу прыгажосці ў Іспаніі 

 

У самай прэстыжнай намінацыі “International” фіналу конкурсу прыгажосці “The Best Model of Europe” – 2016 мадэль Яна Трушко заняла 4-ое прызавое месца (з магчымых 5 месцаў). Акрамя таго, Яна адзіная з усіх удзельніц была абраная для рэкламы італьянскай гандлёвай маркі моднай адзежы “Wild West”. Сертыфікат ёй асабіста ўручыў прэзідэнт кампаніі Разарыа Стагно.


“Перамога ў такім конкурсе – вялікі плюс для мяне, які даказвае мае ўменні і здольнасці. Гэта азначае, што намаганні былі не марныя, і гэта заўсёды прыемна. Чацвёртае месца адкрывае для мяне новыя магчымасці, напрыклад – кантракт з італьянскай кампаніяй. Хачу падзякаваць Сяргею Тарасаву [дырэктар “The Best Model of Europe – Belarus”], што даў мне такую магчымасць і абраў менавіта мяне сярод дзяўчат у Беларусі. Яшчэ дзякуй вясельнаму салону “LaFesta” за шыкоўнае сукенку. Ды і дзякуй усім сябрам і блізкім за падтрымку”, – сказала Яна.

 

 

Яшчэ аднаго прадстаўніка Гарадзеншчыны Сямёна Ларына адзначылі як прыкметнага, крэатыўнага і фотагенічнага, але ў прызавую пяцёрку ён не ўвайшоў.

 

Ацэньвалі дзяўчат-мадэляў на падставе трох выхадаў: у элегантнай сукенцы, спартыўным стылі і ў купальным касцюме. У хлопцаў былі выхады ў касцюмах, у вопратцы штодзённага стылю (шорты і майка), у плавальным касцюме.

 

Дарэчы, у Беларусі ў кастрычніку будзе адкрыты новы набор на конкурс “The Best Model of Europe”.