“Машын няма – і дыхаць лягчэй”. Гарадзенцы падтрымалі сусветны Дзень без аўтамабіля

|

Дзяніс

 

– Я кожны дзень езджу па горадзе на ровары. Пра сусветны Дзень без аўтамабіля ведаю, але ў гэты дзень адбылося непрыемнае. Я прабіў кола і вымушаны прасіць сябра, менавіта на машыне, каб мяне забраў з цэнтра горада і завёз на працу. Крыўдна, а так я кожны дзень на ровары.

 


Мечыслаў Гой, старшыня гарвыканкама

 

– Па-першае, гэта асабісты прыклад для таго, каб паказаць гарадзенцам, што ровар, гэта таксама транспарт, і ён дае магчымасць весці здаровы лад жыцця. Дабірацца на працу на ровары – гэта праца ўсіх цягліц, і выдатны настрой на цэлы дзень.

 

Каб прыцягнуць работнікаў адміністрацыі нашых раёнаў да такой акцыі, не патрэбны нейкі рычаг, кожны павінен сам прымаць рашэнне.

 

Па рэкамендацыі гарвыканкама тралейбуснае ўпраўленне і аўтобусны парк падтрымалі гарадзенцаў, якія вырашылі ў гэты дзень адмовіцца ад аўтамабіля і перасесці на грамадскі транспарт. У гэты дзень такія пасажыры пры прад’яўленні пасведчання кіроўцы ездзяць у гарадскім транспарце бясплатна.

 

Калі ў мяне не памяняюцца планы, то 24-га верасня прыму ўдзел разам з гарадзенцамі ў гарадскім велапрабегу.

 


Андрэй, супрацоўнік МНС


– Імкнуся заўсёды ездзіць на працу на ровары. Пра акцыю чуў і лічу, што яе падтрымліваю рэгулярна.

 


Генадзь

 

– Ведаў пра сусветную акцыю, вось і сам яе падтрымаў. Вы паглядзіце на горад – машын няма і дыхаць стала лягчэй. Часцей бы так.

 


Лёва, велаактывiст

 

– Я на ровары кожны дзень. І ён мне неабходны, бо я працую за горадам. Кожны дзень прыходзіцца 10 км у адзін бок і столькі ж назад круціць. Ровар для мяне гэта здаровы лад жыцця і транспарт. Каб больш было аматараў двухколавага транспарту, трэба развіваць велаінфраструктуру і культуру людзей. Калі будзе гэта і іншае, то будзе больш роварыстаў. Добры прыклад сёння паказаў і наш мэр, думаю іншым чыноўнікам трэба на яго раўняцца.