Замалёўкі пачаткоўцы ці У Польшчы ўсе вагоны пад №2

| Без катэгорыі

Пасля заканчэння Школы маладога журналіста нам, выпускнікам, прапанавалі наведаць семінары, якія праходзілі ў Варшаве, Лодзі і іншых гарадах. Арганізацыя паездкі і яе «змест» здзіўлялі сваёй разнастайнасцю. Да паездкі я не магла сказаць ні слова па-польску, а на трэці дзень ужо магла спытаць што-небудзь на новай для мяне мове. Уражанні былі ад усяго: ад дарог і ветлівых кіроўцаў, ад таго, што праз кожныя 20 метраў – рэстаран ці кавярня, ад аб’ёму порцый у рэстаранах, якімі можна накарміць сябе і свайго сябра. Увогуле ад іншай культуры, іншых людзей.

 

Але, як я прызналася вам спачатку, не толькі Польшча была для мяне «навіной»… Сама мяжа, мытня, цягнікі, перасадкі – таксама ўпершыню, таксама адна вялікая прыгода. Лёгкі канфуз я атрымала адразу на нашым вакзале: па-першае, мяне не пазналі памежнікі на фатаграфіі ў пашпарце, па-другое, рэчы якія акуратна ўладкавала ў валізцы мая мама, былі пільна правераныя і «далікатна» упакаваныя зноў.

 

Далей мяне чакала загадкавае памяшканне, якое частыя наведвальнікі Польшчы называюць «адстойнікам». Пачалі чакаць цягнік.

 

– Паліна, ты хутка бегаеш…з торбамі?! – Спыталася ў мяне кіраўніца групы. Толькі праз гадзіну я зразумела, да чаго было гэтае пытанне! Адчыніліся дзверы, я ўбачыла жах у вачах міліцыянера і натоўп бабуляў, якія рынуліся на яго і адна на адну. «Бяжы ў першы вагон!», – пачула я і, не губляючы часу, абагнала амаль усіх – і бабуляў, і жвавых хлопцаў, не кажучы аб павольных дзяўчынах.

>

І вось яна, закавыка нумар адзін! Я апынулася наперадзе, перада мной – цягнік з чатырох вагонаў і на кожным напісаная лічба нумар «2»! У які бок едзе цягнік, я не ведаю, таму не магу зразумець, дзе першы вагон! Аўтаматычна прачынаецца жалезная жаночая логіка: трэба каго-небудзь аднаго прапусціць перад сабою і паглядзець, куды ён пабяжыць і хуценька… за ім! Заскочыўшы ў першы вагон пад нумарам «2», я кінулася займаць месцы.

 

Цягнік рушыў і… пачалося нешта неверагоднае для маіх не сапсаваных замежнымі паездкамі мазгоў: у ход пайшлі адкруткі, і літаральна насупраць мяне адкручвалася столь! Яшчэ пад уражаннем ад забегу з торбамі, не магла зразумець, чаму туды пхаюць пачкі цыгарэт, пераматаныя скотчам. Сябрам было цікава сачыць за маёй рэакцыяй на ўсё, што адбываецца.

 

У Кузніцы пераселі на Сакулку, у Сакулцы – на Беласток. І вось едзем на Варшаву. Як апынулася, у Польшчы ўсе вагоны пад нумарам «2»! Можа, гэта магічная лічба, пытала я ў спадарожнікаў. У адказ – поціск плячыма…

 

Дарога ў Гродна, была нашмат хутчэй… І хаця торбаў стала амаль у два разы больш, мы ўжо прызвычаіліся насіць па дзве-тры адразу. Так і хадзілі, падобныя на вярблюдаў з гарбамі.

 

І зноў Кузніца, вагон з легендарнымі чырвонымі заслонамі і магічнай лічбай «2»! У вагоне адбывалася ўсё з дакладнасцю наадварот! Нешта даставалася са столі і з-пад падлогі, а не хавалася туды. Сустрэла ў «чырвоных крамах» пару знаёмых. І я ўжо меней хваравіта рэагавала на такі памежны заробак: кожнаму сваё.

 

У Кузніцы мы чакалі цягніка гадзіну. І так хацелася захаваць у памяці апошнія імгненні на польскай зямлі, што мы пачалі… танчыць. Так! У чужой краіне, уначы, на мяжы. Гродна, «адстойнік», бабулі, торбы, змярканне. Толькі дождж дадаўся. І адразу – нуда аб тым, што паездка стала ўжо легендай, сыйшла ў мінулае, але мінулае вясёлае і карыснае!

Вядома ж, вагон нумар «2» хутка стаў для мяне «зразумелым», але ў нейкай ступені, гэтая лічба стала асацыявацца з першай паездкай за мяжу…

Фота аўтара