Мае дні ў Патсдаме. Дзень трэці – Парк Neu Garten

| Без катэгорыі

А яшчэ дапамагаюць адолець восеньскую меланхолію, адагнаць холад з душы. Менавіта гэтае прыемнае пачуццё я адчула ізноў, акунуўшыся ва ўспаміны аб маім апошнім дні ў Патсдаме.

 

 

Гэтым разам я вырашыла даследаваць паўночную частку гораду – Парк Новы сад (Neu Garten), з яго палацамі і храмамі, Бельведэр на Узгорку Троіцы, недалёка ад Новага саду, пабадзяцца па вулачках рускага мястэчка Аляксандраўка (трэба было неяк змагацца з настальгіяй!).

 

Быў у маіх планах і парк Бабельсберг з яго знакамітым замкам у неагатычным стылі. Але як чалавеку, які не сябруе з гадзіннікам, ад гэтых планаў мне прыйшлося адмовіцца. Усяму віной расклад электрычак. Але, як натура аптымістычная, не губляю надзеі патрапіць туды і веру, што вежа Flatow мяне дачакаецца.

 

 

 

 

Гістарычная даведка. У 1787 годзе Фрэдэрык Вільям ІІ даручыў свайму садоўніку, Джону Аўгусту Айзэрбеку стварэнне новага парку ў паўночнай частцы Патсдаму. Перлінай парку стаў Мармуровы Палац, пабудаваны ў 1787-91 гг. у стылі ранняга класіцызму на беразе возера Helliger See (зараз Holy Lake). Пачынаючы з 1816 году Піцер Жозэф Леннэ сабраў разрозненыя часткі парку ў адзіны маляўнічы ландшафтны ансамбль з шырокімі адкрытымі лужкамі. Разам з Сан-Сусі, у 1990 г. Парк занесены ў спіс помнікаў, якія ахоўвае ЮНЭСКА.

Але вернемся да пачатку майго трэцяга дня. Мой шлях пралягаў уздоўж Фрэдэрык-Эберт- штрасэ праз Старую Рынкавую плошчу, Дацкі квартал да Святога возера. Тут праз кованую (і, можаце паверыць, старажытную) веснічку вам адкрываецца Парк «Новы сад». Від ад Гатычнай бібліятэкі на сам Парк і палацы, збудаваныя на блізкіх подступах да берагу возера, проста казачны.



Від на Новы Сад ад Гатычнай бібліятэкі


Пасля Сан-Сусі, Новы сад падаўся мне пустэльным і бязлюдным, дзесьці нават халодным (месца шпацыраў каралёў як-ніяк). На шляху да Цэцыленхофу я сапхнулася ледзь ці не з дзесяткам бяздзейна блукаючых «калегаў». Але я сур’ёзна памылілася ў сваёй ацэнцы турыстычнай папулярнасці гэтага месца. Калі я трапіла «на месца», мяне напаткала такое пачуццё, што ўсе наведвальнікі Новага саду засяроджаныя ў Цэцыленхофе, які па шчыльнасці турыстаў на адзін кв.м. нагадваў мурашнік у параўнанні з Мармуровым палацам.



Але гэта нават да лепшага… Ніхто і нішто не перашкаджала мне атрымліваць асалоду ад лета, якое сыходзіла, ад шолаху лісця і спеваў птушак, ад павольнага шпацыру па сцяжынках саду. Сцежкі «вадзілі» мяне паміж гістарычнымі будынкамі. Побач з кожным – інфармацыйны плакат, які мне таксама ніхто не перашкаджаў уважліва вывучыць. Сваімі новымі ведамі я з задавальненнем дзялюся ў блоку «Гістарычная даведка».



Магчыма, Новы сад і саступае Сан-Сусі па памерах, па колькасці палацаў на адзінку плошчы, па вытанчанасці экстэр’еру, развітасці інфраструктуры і багацці ландшафту. Але ёсць у ім нейкая адмысловая мілата…Можа ад маляўнічага возера, а можа ад таго, што не гледзячы на стрыжаныя лужкі, застаецца ўражанне натуральнасці і спрадвечнасці навакольнай прыроды.


Галоўная алея вяла мяне на поўнач, злева ад яе паблісквала і плёскалася Святое возера (Holy Lake, раней – Хайлігер Зэе). Прытрымліваючыся заклікаў мапы, час ад часу я зазірала ўглыбіню парку, каб захаваць краявіды (не спадзяючыся на памяць, карысталася камерай) бясконцых гістарычных куткоў Новага саду.

Вось дацкае мястэчка з акуратнымі хаткамі, накрытымі чырвонымі чарапічнымі дахамі. Думаю, што яно паўстала ў той жа гістарычны перыяд, што і знакаміты Дацкі квартал, да якога ад мястэчка не больш за 500 метраў, калі не карыстацца «паслугамі» сцежак, а ісці напрамкі.



Гістарычная даведка. Ў 1787-91 гг. кароль Фрыдрых Вільгельм загадаў узвесці Мармуровы палац на беразе возера Хайлігер Зэе і вызначыў яго як сваю летнюю рэзідэнцыю. Пабудаваны палац па праекце архітэктара C.G. Langhans, Палац з’яўляецца шэдэўрам Прускай неакласічнай архітэктуры. Найбольш яркія элементы ўнутранай часткі Палацу – каралеўскія пакоі з неацэнным Веджвудскім фарфорам, канцэртная зала і пакой ва ўсходнім стылі.

На беразе Святога возера ўтульна размясціўся пышны Мармуровы Палац. Праўдзівы ўзор ранняга класіцызму захоўвае ў сваіх сценах неацэнныя выявы старажытнага інтэр’еру, сярод якіх – раскошная мэбля з чырвонага дрэва, фарфоравы Веджвудскі посуд, раяль у канцэртнай залі. Кароткая незабыўная экскурсія па галерэях і залах Мармуровага Палацу з нязменна-зачахлёным (на жаль!) фотаапаратам… І зноў – у дарогу.



Мармуравы Палац


Самотны Чырвоны домік (Rotes Hous) падаўся мне закінутым і «недагледжаным», калі гэтае слова можа быць ужыта да чаго-небудзь у межах Нямеччыны. Але было падобна, што, пабудаваны ў XVIII стагоддзі (няхай і ў яго канцы), ён чакае рэстаўрацыі. Як я па-добраму зайздрошчу людзям, якія з такім каханнем ставяцца да спадчыны, якую ім пакінулі продкі!


Цэцыленхоф


І вось, нарэшце, ён, знакаміты Цэцыліенхоф, палац, які быў сведкай гістарычнай, паваротнай у лёсах усяго свету, падзеі – Патсдамскай канферэнцыі. У ёй бралі ўдзел тры дзяржавы, краіны-пераможцы ў II Сусветнай вайне. Прэзідэнт ЗША Гары Трумэн, кіраўнік Саветскага Саюзу Іосіф Сталін, брытанскі прэм’ер-міністр Уінстан Чэрчыль і Клемент Атлі сустрэліся за круглым сталом канферэнц-залы, каб падпісаць дамову аб перамір’і і заканчэнні вайны. Ну дык, аб гэтай падзеі ведае кожны школьнік!




Гістарычная даведка. Палац Цэцыленхоф пабудаваны ў стылі ангельскага загараднага дому ў 1913-17 гг., быў апошнім будынкам, якім валодала царуючая сям’я Другога рэйху Hohenzollern. Выкананы дызайнерам Paul Schultze-Naumburg, ён выкарыстоўваўся як рэзідэнцыя каранаванага Прынца да 1945 г. Палац быў названы ў гонар прынцэсы Сэсіль. У будынку 176 пакояў, якія выкарыстоўваюцца ў сучасны момант як музей і гатэль. У памяць мінулай Патсдамскай канферэнцыі (17 ліпеня-2 жніўня 1945 г.) па гэты дзень захаваныя чырвоная зорка, выкананая з кветак, і працоўны пакой, дзе праходзіла знакамітае паседжанне. Рэстаўраваныя пакоі царскай сям’і на верхніх паверхах знаёмяць з выключным інтэр’ерам пачатку XVII стагоддзя.

Я была проста зачараваная Цэцыленхофам! Але больш за ўсё ўразіла ландшафтнае афармленне замка: лужкі, кветнікі, газоны, веранды… Вока не адвесці! А яшчэ мне вельмі шкада, што японцы не здагадаліся забяспечыць свае лічбавыя фотакамеры якім-небудзь «водараграфам». Справа ў тым, што ўся тутэйшая прыгажосць мела такі пах, як і выгляд. Вось чаму тут так шмат турыстаў! Шпацыруючы па парку, яны проста «завісаюць» у Цэцыленхофе на некаторы час: у музеі, у навакольных кавярнях, на лавачках. Я злавіла сябе на думцы, што мне таксама хочацца прысесці ў цень і ціха любавацца гэтай прыгажосцю.


Я назірала за бясконцымі экскурсійнымі групамі на чале з усёведнымі гідамі, іх намаганнямі сабраць у кола сваіх «авечак» і вырашыла, што ў музей не пайду. Затое з задавальненнем паабедала ў мясцовым рэстаранчыку, замовіўшы «карывурст» (традыцыйны салат з капусты і сасіскі), растаптаўшы адзін з жаночых пункцікаў «памер стану». Справядлівасці дзеля адзначу, што задавальненне было няпоўным – я адмовілася ад халоднага і, напэўна, вельмі смачнага піва.


Цэцыленхоф, унутраны дворык


Апошнім аб’ектам маёй зацікаўленасці ў Новым саду быў замак Мірэі (Meierei), які, зрэшты, не аказаў на мяне незгладжальнага ўражання. Можа гэта ад таго, што адносна непадалёк ад замка Мірэі знаходзіцца будынак былой турмы «Штазі» часоў ГДР. Мной авалодала лёгкае пачуццё злараднасці – аказваецца, і ў немцаў вадзіліся тытаны думкі, здольныя размясціць карцэр для палітвязняў у такім казачна прыгожым месцы!


Мірэі (Meierei), на яго тэрыторыі размешчаны ўтульны рэстаран


Затое перспектыва ўбачыць Палац Бельведэр на Узгорку Троіцы і храм Памоны ўзнесла мой дух да ранейшых вышынь. Што можа быць велічней Палаца на натуральным узвышэнні! Ды і архітэктура Бельведэра здалася мне цікавай – з двума паралельнымі ўваходамі-галерэямі і дзвюма гатычнымі назіральнымі вежамі па баках цэнтральнага будынку.


Палац Бельведэр на Узгорку Троіцы


Музей у рускім мястэчку Аляксандраўка


На поўдзень ад Бельведэру знаходзіцца капліца Аляксандра Неўскага, а трохі далей размясцілася рускае мястэчка Аляксандраўка. Там жа знаходзіцца і аднайменны музей, які захаваў інтэр’ер і дух рускіх перасяленцаў канца XVIIІ стагоддзя – разбяныя ліштвы на вокнах, печы, драўляныя лавы і гліняны посуд… Як быццам я трапіла ў рускую вёску дарэвалюцыйнай эпохі.


Па Фрэдэрык-Эберт-ШШтрасэ я вярталася на вакзал. Уражанняў за тры дні столькі, што «лічыльнік» эмоцый зашкальваў і патрабаваў выхаду. «Я абавязкова павінна падзяліцца ўсім гэтым з кім-небудзь», – так я вырашыла і ўзнагародзіла сябе за трохдзённую пешаходную стараннасць (кіламетраў 35-40 наматала) і разумную думку кубачкам духмянага капучына на кутку Брандэнбург-Штрасэ.


Было трошкі сумна, як заўсёды ў моманты развітання з сябрам, з якім толькі-толькі паспеў пасябраваць. Але вы чытаеце гэтыя радкі, а значыць, я выканала свой доўг падзякі перад ім.


Дзякуй і вам, мой чытач, за ўвагу, і рэдактарам гэтага цудоўнага выдання за дадзеную магчымасць падзяліцца маімі назіраннямі, фатаграфіямі і, нарэшце, эмоцыямі……


P.S. І дарэчы, Брандэнбургскіх брамаў у Нямеччыне дзве – знакамітая Брандэнбургская брама на вуліцы Ўнтэр дэн Ліндэн у Берліне і малая Брандэнбургская брама ў Патсдаме. (спецыяльна спраўлялася ў майго сябра Гугла).