Толькі не 11-га лістапада!

|

Нам сказалі наўпрост – любая іншая дата, але не 11 лістапада” – сказаў у інтэрв’ю беластоцкаму “Kurieru Porannemu” дырэктар Падляскай Оперы і Філармоніі Марцін Наленч-Несялоўскі (на здымку).

Па яго словах, старшыня гарадзенскага гарвыканкаму Барыс Казялкоў ставіцца да хора прыязна, а вось галава абласной улады Ўладзімір Саўчанка баіцца магчымых “палітычных афарбовак” канцэрта.

Канцэрт польскіх выканаўцаў у Гродне, прымеркаваны да чарговых угодак з Дня абвяшчэння незалежнасці Польшчы ў 1918 г., быў запланаваны яшчэ ў траўні.

Зараз філармонія пачала атрымліваць сігналы пра магчымыя цяжкасці з яго арганізацыяй.

Па словах дырэктара філармоніі, на працягу апошніх дзён атрыманыя адмовы ў арэндзе трох заляў, у якіх мог бы адбыцца канцэрт. І ўсё з-за яго даты.

Няма пакуль яснасці і наконт таго, ці дастануць артысты беларускія візы.

Генеральны консул Польшчы ў Гродне Адам Бернатовіч (ён жа – галоўны арганізатар канцэрту) у размове з польскімі журналістамі не выключыў, што ў справу ўмяшалася палітыка.

На думку сп. Бернатовіча, “польская меншасць мае права годна адзначыць гадавіну аднаўлення незалежнасці“.

Таму арганізатары канцэрту будуць рабіць усё, каб ён адбыўся менавіта 11 лістапада.

Не выключана, што хор Падляскай філармоніі ў выпадку адмовы беларускіх уладаў прадставіць залю выступіць у адным з гарадзенскіх касцёлаў.

Падляская філармонія неаднаразова бывала ў Беларусі, з даўніх часоў супрацоўнічае з гарадзенскай філармоніяй.

Такога кшталту праблемаў з арганізацыяй канцэртаў раней не было.

 

Фота з архіву www.poranny.pl