Каратэ-до – дарога да сябе

|

Маё пакаленне 17-гадовых пра каратэ ведае толькі тое, што бачылі ў кінастужках і мульціках – нейкае цудоўнае ўсходняе адзінаборства, якое дазваляе перамагчы праціўніка амаль што адным пальцам. Таму я накіравалася да ўладальніка сапраўднага чорнага пояса Вячаслава Стацэнкі за тлумачэннямі. Вячаслаў – сапраўдны сэнсэй – ён трэніруе і маленькіх і дарослых. А яшчэ ён вельмы просты (у лепшым сэнсе гэтага слова) і цікавы чалавек.

 

align=”left” >– Вячаслаў, як уздзейнічае каратэ на чалавека?

– Заняткі любым відам спорту, калі гэта сур’ёзныя заняткі, не тое каб змяняюць, але ў дастатковай ступені ўздзейнічаюць на чалавека. У першую чаргу дысцыплінуюць, вучаць «збірацца, пераадольваць цяжкасці. Здараецца, што не хочацца ні куды ісці, нічым займацца, але ты ведаеш, што трэба, таму рухаешся, нават праз «не хачу» і «не магу». І калі нешта атрымліваецца, то чалавек пачынае верыць у свае сілы, у свае здольнасці, тады яму здаецца, што ён усё можа. Вядома ж, не ўсё атрымліваецца з наскоку, каратэ патрабуе доўгай руплівай працы.


– Ці аказала каратэ нейкі ўплыў менавіта на вас?

– Цяжка адказаць, а ў двух словах – дык і наогул немагчыма. Чаму людзі прыходзяць сюды? Па маіх назіраннях, больш жвавыя, «хуліганістыя» дзеці ідуць у гульнявыя віды спорту. У адзінаборствы ж часцей прыходзяць больш спакойныя, разважлівыя, тыя, хто нейкім чынам жадае падняць самаацэнку, стаць больш упэўненым, а, магчыма, дзесьці і пастаяць за сябе. І калі ўжо ён затрымліваецца тут надоўга, то само сабой ўзнікае пытанне: ці стаў я іншым? І вось якая рэч – не, не стаў. Сёння я магу цвёрда адказаць: я застаўся такім, якім быў. Магчыма, што калі ты малады, то хочацца рэалізаваць сябе праз нейкую атрыбутыку – машыны, аддзенне. Але на самай справе, не важна на «Мерсэдэсе» ты, ці на самакаце – сэрцавіна засталася тая ж самая. Каратэ, як спорт, тут мала ўздзейнічае. Хутчэй ўплыў аказвае тая своеасаблівая атмасфера, асяроддзе, людзі, якія вакол цябе. Менавіта яны фармуюць тваю асобу.

 

– Ну, а калі нехта вырашыў: усё іду займацца такім сур’ёзным відам спорту! Якія фізічныя, а можа і не толькі фізічныя, дадзеныя павінен мець такі аматар?

– Трошкі таленту, астатняе цярпенне і працавітасць. З фізічных кандыцый, магчыма, гнуткасць, пластычнасць, рухавасць і каардынацыя.

– А з якога ўзросту лепш пачынаць?

– Для кожнага віду спорту – свой узрост, напрыклад, плаванне ці гімнастыка «патрабуюць» зусім маленькіх, 5-6-гадовых. Для каратэ лепшы ўзрост – 8 -12 год, калі дзеці і падлеткі ўжо не толькі разумеюць, чым займаюцца, але і думаць могуць самі, ведаюць дзеля чаго прыйшлі сюды і што ад іх патрабуецца. А маленькага тэхніцы не навучыш, на мой погляд.

 

– Тады пытанне «з другога боку, якая існуе ўзроставая мяжа, пасля якога году жыцця ўжо «не прымуць у каратэ?

– Калі мы гаворым пра спорт, то 16-20 год – гэта ўжо позна. Канкурэнты не дазволяць вам праявіцца ў гэтым спорце, бо вы толькі пачнеце выступаць, а вашыя сапернікі – ужо майстры спорту. А калі для падтрымання бадзёрага духу, дзеля духоўнага ўзбагачэння, здароўя, пад’ёму настрою, самарэалізацыі, так сказаць, «агнявой моцы» – то пачынаць ніколі не позна, галоўнае, каб жаданне не знікла і трэніроўкі прыносілі задавальненне.

– Наколькі цяжка працаваць з дзеткамі і асабліва з падлеткамі?

– Гэта хутчэй прызванне. Як быць настаўнікам, напрыклад. Калі ты любіш дзяцей, то ты будзеш з імі вазіцца, вырошчваць іх, табе будзе цікава, як яны ўваходзяць у жыццё. Кожнае дзіця – гэта асоба. Гэта тое ж, што рамантаваць машыну – камусьці цяжка, а камусьці да спадобы.

 

– Вячаслаў, растлумачце, калі ласка, мне і чытачам, як праводзяцца спаборніцтвы па каратэ?

– Міністэства спорту і аддзел спорту гарвыканкаму штогод зацвярджаюць каляндарны план спартыўных мерапрыемстваў. Пачынаецца ўсё з першынства гораду і вобласці, якія праводзяцца рэгулярна. На такіх спаборніцтвах спрабуюць свае сілы, у асноўным, навічкі, але могуць прымаць удзел і больш падрыхтаваныя. Наступная прыступка – спаборніцтвы рэспубліканскага ўзроўню. У іх прымаюць удзел больш падрыхтаваныя спартсмены. Іх значна менш, бо далёка не кожны з тых, хто ўдзельнічаў ў спаборніцтвах абластнога ўзроўню можа трапіць на рэспубліканскі ўзровень. Ад Гродна, напрыклад, удзельнічаюць адны і тыя ж людзі, хаця секцый даволі многа. Хочацца адзначыць тых, кім ужо сёння ганарыцца Гарадзеншчына: Ігар Шыплюк, Арцём Менчэня, Яўген Гетманец, Рустам Яндзіеў. З імі можна ехаць на любы турнір. Узровень канкурэнцыі за апошнія дзесяць год значна ўзрос і на «рэспубліку стала ездзіць даволі многа спартсменаў. З наступнага году нават плануецца ўвесці своеасаблівы кворум: па два спартсмены ад кожнай весавой катэгорыі. Хто пераможа на рэспубліканскіх спаборніцтвах – паезде далей. Калі маеце жаданне і грошы, то можаце паўдзельнічаць і ў прыватных спаборніцтвах: турніраў шмат, запрашаюць усіх.

– Дзякуй, Вячаслаў. Поспехаў вам і выхаванцам на вашым шляху!

Фота аўтара