Праблемы мовы вачыма студэнтаў

Ідэя правядзення такой сустрэчы існавала ўжо даўно,” – гаворыць намесніца дэкана па выхаваўчай і ідэалагічнай працы псіхалагічнага факультэта Аксана Шульга. – Я выкладаю псіхалінгвістыку. І з нашымі студэнтамі мы разбіралі праблемы, звязаныя з мовай, у сувязі з білінгвістычнай сітуацыяй у Беларусі. Аказалася, што нашая выбарка адрозніваецца ад рускамоўнай. Напрыклад, рускамоўныя тэсты на асацыяцыі для нашай выбаркі не даюць цалкам праўдзівых вынікаў. Так узнікла ідэя стварэння беларускамоўнай выбаркі, адаптавання метадаў да нашай білінгвістычнай сітуацыі – хоць у большасці мы гаворым па-руску, беларукая мова аказвае на нас значны ўплыў, і пры правядзенні псіхалагічных тэстаў гэта трэба ўлічваць”.

Спачатку меркавалася, што круглы стол будзе гуртаваць толькі навукоўцаў з гродзенскага ўніверсітэта. Аднак даведаўшыся пра падзею, Юры Гардзееў, доктар гісторыі, прапанаваў свой выступ “Вывучэнне беларускай мовы і культуры ў Ягелонскім універсітэце”, дзе ён выкладае. Таксама да круглага стала далучылася кампанія “Будзьма беларусамі”. Пра рэалізацыю кампаніі “Будзьма!” распавялі яе каардынатар па сувязях з грамадскасцю Ігар Лялькоў і каардынатар рэсурсу budzma.org Севярын Квяткоўскі.

Пра ўплыў роднага слова на духоўнае развіццё асобы распавёў іерэй Ігар Данільчык, святар Свята-Барысаглебскай царквы.

Аксана Шульга адзначыла вялікую цікавасць да падзеі студэнтаў, якія задавалі падчас круглага стала шмат пытанняў. Арганізатары спадзяюцца, што на факультэце згуртуецца студэнцкі клуб па перакладзе тэстаў і методыкаў на беларускую мову, т.ч. будуць адаптаваныя замежныя і рускамоўныя методыкі.

З прадстаўнікамі кампаніі “Будзьма” з’явілася дамоўленасць аб правядзенні шэрагу акцыяў для студэнтаў – напрыклад, музычных канцэртаў з удзелам беларускамоўных выканаўцаў.

Здымак з budzma.org