Зімовы футбол у Гродна

|

На зімовым футбольным выкліку сустракаецца шмат аматарскіх каманд, у якіх прымаюць удзел, як прафесіяналы, так і аматары. Каманды падзеленыя на лігі – вышэйшая і першая. Штогод адбываецца ратацыя паміж лігамі – дзве апошнія каманды вышэйшай лігі пакідаюць яе, а дзве самыя моцныя каманды першай лігі атрымліваюць права ў наступным сезоне гуляць у вышэйшай.

 

Але не заўсёды ўсе каманды вышэйшай лігі заяўляюцца на наступны сезон. Нязменна ішла спрэчка аб колькасці гульцоў, якія маюць кантракты з прафесійнымі клубамі, і якія маюць права выступаюць у зімовым турніры (таму што турнір лічыцца аматарскім). Былі розныя рашэнні: аб забароне ўдзелу такіх гульцоў, аб дазволе выступу толькі аднаго гульца… Але з 2009 году ўсе абмежаванні па прафесійных гульцах былі знятыя, а турнір ад гэтага толькі выйграў, бо каманды ўзмацніліся прафесіяналамі, і якасць гульняў, як і інтрыга турніру толькі павялічыліся.

 

У турніры прымаюць удзел былыя і дзейнічаючыя гульцы гарадзенскіх каманд, якія выступаюць у розных лігах першынства нашай краіны. Гарадзенскі «Нёман» прадстаўлены ў такім складзе: Аляксей Сучкоў, Ян Дзенісевіч, Аляксандр Сямёнаў, Зміцер Кавалёнак, Зміцер Чака, Андрэй Горбач, Яўген Савасцьянаў. Выступаюць гульцы і з іншых рэгіёнаў Беларусі. Былі заўважаныя гульцы «Нафтану» – Езерскі, Тарашчык. Мастоўскі «Нёман» выступае на турніры практычна ў поўным складзе, проста гульцы раскіданыя па розных камандах. Ёсць прадстаўнікі слонімскага «Камунальніку», «Смаргоні», пінскай «Хвалі», гарадзенскага «Белкарду», дублёры гарадзенскага «Нёману».

 

З вядомых у футбольных колах асоб у турніры прымаюць удзел галоўны трэнер наваполацкага «Нафтану» Ігар Кавалевіч, трэнерскі штаб ФК «Нёман». Гродна практычна ў поўным складзе выступае ў зімовым першынстве: Алег Радушка, Ігар Кірэня, Зміцер Барысейка, Валер Саладоўнікаў, Віктар Юйка, Сяргей Кукалевіч. Абслугоўваюць турнір суддзі, якія рэкамендаваныя для чэмпіянату рэспублікі, ёсць і новыя перспектыўныя асобы.

 

align=”left” >Турнір збірае мноства тых, хто ў мінулым гулялі разам, працавалі, вучыліся і г. д. На кожную гульню каманды выходзяць з думкамі аб перамозе. Турнір, вядома, аматарскі, але ён не застрахаваны ад «прафесіянальных» здарэнняў, што надае яму відовішчнасць. Бывае, што забірае гульцоў «хуткая дапамога» – такія прынцыповыя матчы бываюць на чэмпіянаце. Каманды гуляюць і пры –20 градусах па Цэльсіі, і ў хлюпоту, нават тады, калі ўсё поле ператвараецца ў каток… Ці, наадварот, у вялікую лужу.

 

Вядома, ўсё ўплывае на гульню, і пры неспрыяльных умовах надвор’я клас каманд выраўноўваецца: тут не да майстэрства – хто лепш зможа прыстасавацца да гэтых умоў, у таго больш шансаў на перамогу.

 

Першая палова турніру наблізілася да завяршэння. Пасля 8 тураў у Вышэйшай лізе лідзіруе каманда «КЛІЧ», якая набрала 22 ачка, на другім месцы каманда «Солвей», у актыве якой – 21 ачко, трэцяе месца пакуль утрымлівае «Хімвалакно». Табліцу завяршаюць каманды – «Калізей» і «Скрынстрой», якія набралі па 1 ачку.

 

Як правіла, каманды прадстаўляюць тыя арганізацыі і прадпрыемствы нашага гораду, якія клапоцяцца пра вольны час сваіх супрацоўнікаў. Зімовы футбол мае вялікае значэнне і для гараджан-аматараў. Матчы – гэта магчымасць «паміжсезонных» сустрэч з улюбёным відам спорту, добрымі знаёмымі, магчымасць выплюхнуць эмоцыі і падняць настрой.