Колькі каштуюць і каму патрэбныя беларускія футбалісты?

|

Крышціяну Ранальду, лепшы футбаліст ангельскай прэм’ер-лігі, мінулым летам перайшоў з «Манчэстэр Юнайтэд» у мадрыдскі «Рэал» за 95 млн. еўра. Андрэй Аршавін перабраўся з піцерскага «Зеніту» у лонданскі «Арсенал» за 24 млн. даляраў… Гэтыя гульцы – найлепшыя футбалісты ў складзе сваіх нацыянальных зборных. Унесеная за Аршавіна сума ў пяць разоў перавышае гадавы бюджэт барысаўскага БАТЭ, у складзе якога апошнія гады гуляў Крывец. А што казаць пра пераход Ранальду?

 

Вернемся, аднак, да Крыўца. На мой погляд, Сяргей – гулец высокага ўзроўню, рабіць яму ў Беларусі няма чаго, паколькі ўзровень нашага чэмпіянату вельмі слабы ў параўнанні з іншымі чэмпіянатамі Еўропы.

 

Даведка «Твайго Стылю». Наймацнейшым футбольным чэмпіянатам у свеце прызнаная ангельская прэм’ер-ліга. Далей ідуць іспанская і нямецкая лігі. Украінская прэм’ер-ліга знаходзіцца на 9-м месцы, расійская – на 20-м. Палякі ў гэтым спісе трымаюцца на 30-м месцы. Вышэйшая ліга чэмпіянату Беларусі размяшчаецца на 49-й пазіцыі ў рэйтынгу ўсіх першынстваў планеты.

 

Як бачым, польская ліга вышэйшая за беларускую на 19 пунктаў, таму ў Сяргея з’яўляецца перспектыва для далейшага росту. Усё залежыць ад самога футбаліста: атрымаецца ў Польшчы – можна замахнуцца і вышэй.

 

Некаторыя асуджаюць Крыўца за тое, што ён перайшоў у іншы клуб, пакінуў Беларусь. Але як не ўлічваць той факт, што кожны спартсмен хоча і марыць падвышаць свой прафесійны ўзровень…

 

align=”left” >Крывец – не першы, хто пакінуў беларускае «поле». Аляксандр Глеб пераходзіў у «Барселону» з лонданскага «Арсеналу» за 15 млн. еўра (першы беларус, так высока «ацэнены» на міжнароднай арэне). Чаго дамогся Глеб у «Арсенале»? Гульня ў асноўным складзе, шматлікія галавыя перадачы, галы. А вось пераход у каталонскі клуб стаў памылкай. Глеб чакаў там большага, а выйшла наадварот: выхад на поле з лавы запасных… Ці аб гэтым марыў Глеб? Не!

 

Прайшоў год… Глебу прапанавалі перайсці ў “Штутгарт” на правах арэнды, цікавіўся ім і міланскі «Інтэр». Але беларус абраў нямецкую каманду, за якую ён выступаў да «Арсеналу» і дзе атрымаў прызнанне. Прайшла палова сезону, пераход Глеба ў «Штутгарт» прызналі самым няўдалым у нямецкай Бундэслізе за 2009 год…

 

Прыгадваю матч Беларусь – Андора (5 чэрвеня ў Гродне), у якім Глеб таксама браў удзел. Пры выхадзе з распранальні (на той час ён гуляў у «Барселоне»), Аляксандр стаў раздаваць аўтографы. Я стаяў другім у чарзе, і мой голас з натоўпу ён пачуў і ўважліва выслухаў. Я спытаўся: «Аляксандр, якія планы на будучыню? Кажуць, вамі цікавіцца міланскі «Інтэр». Гэта праўда?». Адказ быў імгненным: «Так, але пакуль я належу «Барселоне».

 

Зараз Аляксандр у «Штутгарце», гуляе ў асноўным складзе. Былі канфлікты з трэнерскім штабам, з заўзятарамі. Але ўсё наладзілася з прыходам новага галоўнага трэнера: «Штутгарт» зайграў, з’явіўся вынік. У 1/8 Лігі Чэмпіёнаў «Штутгарт» згуляе хутка з «Барселонай», якой, як мы памятаем, Аляксандр належыць. Вось і паглядзім, што нам прадэманструе беларус.

 

Яшчэ адной гучнай падзеяй футбольнага міжсезоння меўся стаць пераход абаронцы зборнай Беларусі Сяргея Верхаўцова ў шатландскі «Сэлтык». Сяргей, на мой погляд, таксама нядрэннага ўзроўню: неаднаразова забіваў галы як за зборную, так і за клуб (не гледзячы на «амплуа»). Верхаўцоў ездзіў на прагляд у Шатландыю, аднак змушаны быў вярнуцца ў Наваполацк ні з чым. Вось як пракаментаваў гэта сам гулец «Нафтану»:

– Па шчырасці, сам не вельмі зразумеў, што здарылася. Я прыляцеў у Шатландыю, але не праходзіў медагляду і не ўдзельнічаў у трэніроўках. Чакаў, пакуль мне купяць квіток на зваротную дарогу. Так прайшло тры дні. Мне ніхто і нічога з кіраўніцтва і трэнерскага штабу клуба не растлумачыў. Вядома, хацелася б паспрабаваць свае сілы ў такой вядомай камандзе, аднак…

 

У выніку замест прэстыжнага шатландскага «Сэлтыку» Верхаўцоў прыняў прапанову куды больш сціплага латышскага «Вентспілса».

 

Амаль кожны хлопчык марыць у дзяцінстве стаць вялікім футбалістам, такім як Бэкхэм, Ранальду, Зідан… Але ў Беларусі ўзровень падрыхтоўкі прафесіяналаў вельмі нізкі. І вельмі сумна глядзець, як дзеці «трэніруюцца» на пяску, на палях, якія параслі дзікай травой… А потым мы наракаем на тое, што нашы клубы вылятаюць у еўракубках у першых раўндах, а зборная топчацца на месцы.

 

Пры такім «раскладзе» выбівацца з Беларусі ў вялікі футбольны свет будуць адзінкі. Перш за ўсё трэба забяспечыць неабходны ўзровень падрыхтоўкі дзяцей, а потым і вынік убачым…