Навошта дзяржаве чалавек, які здольны думаць?

|

Алімпіяда па беларускай мове традыцыйна складалася з трох конкурсаў: водгуку на верш, лінгвістычнага конкурсу і вуснага выказвання. Спабор адбываўся сярод вучняў 9-11-х класаў.

 

Ужо на першым этапе вучням усіх класаў давялося сутыкнуцца з цяжкасцямі, бо вершы трапілісяне з лёгкіх. Калі 10-ты клас нядрэнна справіўся з водгукам на верш Р. Барадуліна «Бацькаўшчына», то 11-му давялося добра падумаць, паколькі верш сучаснай паэткі Р. Баравіковай быў на філасофскую тэму. А далёка не ўсе, нават самыя адораныя вучні, у сучасным грамадстве хочуць разважаць і філасофстваваць, бо прывыклі, што балючыя надзённыя пытанні за іх аналізуюць сродкі масавай інфармацыі.

 

Для 9-га класа водгук увогуле аказаўся правальным. Вучням патрапіўся верш С. Законнікава «Роздум», прысвечаны У. Караткевічу. Калі назва верша яшчэ магла навесці вучняў на пэўны роздум, то зразумець, чаму верш прысвечаны У. Караткевічу яны не змаглі, спасылаючыся на тое, што ў самім вершы пра гэтага пісьменніка не было ні слова!

 

У сілу не столькі свайго ўзросту, сколькі ў сілу агульнай нецікавасці грамадства да паняцця «адукаванасці», дзевяцікласнікі не ведалі, што У. Караткевіч пісаў пра гісторыю, мінулае нашай краіны… А менавіта такая асноўна думка верша – берагчы сваю гісторыю, памятаць пра мінулае.

 

Вучні ж зачапіліся за радкі, дзе апісвалася заржавелая каска, і пачалі пісаць пра вайну. Што часткова зразумела, паколькі ўсе памятаюць, як у мінулым годзе Беларусь святкавала 65-годдзе з дня перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

 

І нават лепшыя з лепшых дзевяцікласнікаў атрымалі нізкія балы за водгук (у сярэднім 18 балаў з 30 магчымых), паколькі падрабязна з асобай У. Караткевіча і яго творчасцю вучні знаёмяцца ажно ў 10 і 11-х класах. Не гледзячы на гэта, камісія адзначыла, што алімпіяднікі павінны ведаць усё раней школьнай праграмы. Можа і сапраўды, каб «лепшыя» ведалі ўсё наперад, то мы б ніколі не даведаліся, што Ф. Скарына вучыўся ў Пецярбуржскім універсітэце і што на геніяльных вершах В. Быкава вырасла не адно пакаленне…

 

Наступны конкурс – лінгвістычны – аказаўся правальным для вучняў 11-х класаў, дзе заданні былі скіраваны не на праверку моўных з’яў, а хутчэй на ўважлівасць, кемлівасць і логіку вучняў. У выніку ўдзельнікі справіліся з паловай заданняў і з 40 магчымых балаў набралі ў сярэднім ад 20-ці да 25 балаў.

 

Калі першы і другі конкурсы былі скіраваны на «пашанцуе – не пашанцуе», то ў трэцім конкурсе не пашанцавала ўсім. Мінулыя гады вуснае выказванне ўтрымлівала ў сабе больш літаратурныя тэмы, у гэтым жа годзе палова тэмаў была палітычнай накіраванасці і тычылася беларускай эканомікі, спорту, сацыяльнай сферы.

 

Такія тэмы як «Моладзевыя арганізацыі», «65 год перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне», «Калі б я працаваў у дабрачынным фондзе» занялі месцы ў сярэдзіне топ-параду. Першае месца варта аддаць наступным: «Аграгарадок – гэта…», «Энергазберажэнне – дзяржаўная палітыка», «Беларусь – краіна высокіх тэхналогій» (хіба што кітайскіх), «Дзяржаўныя межы РБ», «2014 год – чэмпінат свету па хакею», «Я – перапісчык», «Беларусь – краіна-заснавальніца ААН». Асабіста я апошняй аддала б першае месца!

 

Таксама шмат тэмаў тычылася Мінску, яго архітэктуры, транспарту, еўрапейскасці, помнікаў. Адным словам, дадзеныя тэмы хутчэй за ўсё былі арыентаваны на тое, каб перамаглі вучні мінскіх агульнаадукацыйных навучальных устаноў.

 

У выніку вучні 9-11-х класаў, якія занялі прызавыя месцы з першага па трэцяе, атрымаюць у пасведчанне або ў атэстат па 10 балаў па мове і літаратуры і не будуць здаваць экзамены па беларускай мове за курс базавай або сярэдняй школы.

 

Пасляслоўе. Удзельнікам алімпіяды давялося быць падкаванымі не толькі па мове і літаратуры, але і па геаграфіі, грамадазнаўстве, гісторыі, мець веды ў галінах спорту, эканомікі і інш. І калі хтосьці пасля гэтага думае, што беларуская адукацыя па-за палітыкай, ён глыбока памыляецца.

 

Фарміраванне нацыянальнай свядомасці, як бачым, адбываецца не з дапамогай мовы, а зусім іншымі шляхамі. Наша дзяржава ўжо не ведае, у які бок кідацца: спачатку дванаццацігадовае навучанне, потым яго адмена, якая пахіснула не толькі веды вучняў, але і ўдарыла па кішэнях бацькоў. Пасля – нікому не патрэбнае тэставанне, якое высвятляе веды па завучаных правілах (хутчэй па выключэннях з гэтых правілаў) і зусім не правярае логіку, мысленне чалавека.

 

Сапраўды, навошта дзяржаве чалавек, які здольны думаць?! Несвядомых прасцей далучыць у шэрагі БРСМ і кіраваць імі, як быдлам. Пераход школ «ад гвалтоўна насаджанай беларускай мовы» да «роднай» рускай таксама калечыць будучае пакаленне, паколькі рускамоўныя школы кіруюцца старымі праграмамі, па якіх дзеці спачатку праходзяць тэмы па беларускай мове, а толькі пасля – па рускай. Усё ж павінна быць адваротна! Вучні чуюць беларускую мову толькі на ўроках роднай мовы і літаратуры, і магчыма, пры вывучэнні гісторыі Беларусі, таму, на жаль, не ўсе разумеюць па-беларуску нават часам самыя прымітыўныя словы.

Ілюстрацыя http://kp.by