Фестываль маладых і крэатыўных піяршчыкаў у Гродна

У праграме плануюцца конкурсы PR-праектаў, прэзентацый, аратарскага майстэрства і спічрайтынгу, майстар-класы, кейс-турніры ад спонсараў і іншыя мерапрыемствы. Непасрэдных спецыялістаў па сувязях з грамадскасцю ў гродзенскім універсітэце не рыхтуюць. Аднак ужо каля 15 год універсітэт пазіцыянуе сябе як цэнтр практычнай рыторыкі на базе крэатыўнасці.

Калі казаць пра тэму сёлетняга PR-фестывалю, то ён будзе ладзіцца пад знакам крэатыўнасці – ва ўсіх яе аспектах, – кажа кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры рускай мовы ГрДзУ імя Я. Купалы Святлана Антонава.   – Хоць нашыя студэнты і не атрымліваюць спецыяльнасці PR-спецыялістаў, а з’яўляюцца рытарамі, напрыклад, то іх удзел у розных фестывалях такога кшталту выразна адрозніваецца крэатыўным падыходам. Таму мы і вырашылі абраць асноўнай тэмай фестывалю маладых PR-спецыялістаў наступную – “Маладзёвы крэатыў у сувязях з грамадскасцю ў сацыяльнай сферы”.

Заяўкі на ўдзел прымаюцца ад студэнтаў самых розных кірункаў. Удзельнічаць у гродзенскім фестывалі маладых PR-спецыялістаў запрасілі таксама студэнтаў з універсітэтаў Масквы і Пецярбургу, Казані, Варонежа, украінскіх і польскіх навучальных установаў.

Каманда гродзенскіх студэнтаў удзельнічала ў пяці піяр-форумах у Маскве і трох PR-фестывалях у Пецярбургу.

На здымку: каманда ГрДзУ імя Я. Купалы на пятым міжнародным форуме маладых PR-спецыялістаў “Сфера”, МДУ імя Ламаносава, Масква, лістапад 2009 г.