Тбілісі – горад цеплыні…

| Без катэгорыі

Тбілісі – сапраўды цёплы горад. І не толькі таму, што так назва горада перакладаецца з грузінскай (заснавальнік горада кароль Вахтанг упаляваў калісці ў гэтых мясцінах фазана, які ўпаў у гарачую крыніцу і зварыўся ў ёй). Калі ў лютым у Гародні яшчэ ляжыць снег – у Тбілісі ўжо квітнеюць мімозы!

Горад раскінуўся ў вузкай даліне па абодвух берагах Мтквары (больш вядомай як Кура – такім чынам яе назвалі расейцы, якім цяжка было вымаўляць грузінскую назву ракі). З высокага левага берагу адчыняецца прыгожая панарама старога Тбілісі.

На вузкіх вулачках старога горада яшчэ засталося багата старых драўляных дамоў з іх непаўторнымі ўнутранымі дворыкамі і балконамі.

А гэта ўжо ўзор старадаўняй грузінскай архітэктуры – царква Метэхі, збудаваная ў ХІІ ст. каралём Дземетрыюсам. У савецкія часы (да 1938 г.) будынак выкарыстоўваўся як турма… Хрысціянства прыйшло ў Грузію яшчэ ў ІV ст. У самім Тбілісі і іншых мясцовасцях Грузіі можна сустрэць храмы яшчэ з VI-VIII ст.!

Гонар Грузіі – найноўшая і найвялікшая на Каўказе царква Самеба – Сабор Святой Троіцы. Велічэзны будынак дамінуе над панарамай горада і яго відаць з любой кропкі.

Гэта не макет, а самая сапраўдная капліца над водамі Мтквары. Увечары з маста праз раку будынак выглядае асабліва маляўніча.

Званы ля кляштару непадалёк ад Мцхеты – першай сталіцы Грузіі. Мцхета з’яўляецца адным з 5 грузінскіх помнікаў гісторыі і культуры, якія ЮНЭСКА залічвае ў спіс помнікаў сусветнай культурнай спадчыны.

Тбілісі – гэта не толькі адметная архітэктура, але і мноства каларытных вобразаў тамтэйшых жыхароў. Асабліва заўважна гэта на шматлікіх вулічных рынках…

 … альбо ў месцах, дзе найбольш турыстаў, да паслугаў разнастайныя сувеніры ды традыцыйныя грузінскія рукатворныя вырабы.

У Грузіі можна сустрэць шмат чаго незвычайнага. Напрыклад – такую кавамолку!

А які смачны хлеб прапануюць тамтэйшыя вулічныя пекары! Проста з печы, духмяны, гарачы! Ад аднаго водару можна насыціцца!

Дзядуля-пясняр каля сценаў галоўнага храму Свеціцхавэлі ў Мцхеце.

У традыцыйных грузінскіх папахах нават турысты ператвараюцца ў сапраўдных джыгітаў!

А гэта малы бізнэс па-грузінску – цырульня ў Мцхеце. Цырульнік засаромеўся ды схаваўся…

Непаўторная Ніно Катамадзэ – грузінская каралева джазу і блюзу. Панядзелак, 22.00, перапоўнены будынак Тбіліскай оперы. Дабрачынны канцэрт на карысць хворых дзяцей. Ніколі ў жыцці не даводзілася чуць і бачыць, як зала спявае разам са спявачкай, такога адзінства пачуццяў. Гэта трэба чуць!

Малітва за шчаслівае сямейнае жыццё.

Грузія – Бацькаўшчына віна. Вінаград вырошчваецца тут на працягу 7 тыс. гадоў. Многія лінгвісты лічаць, што індаеўрапейскае слова «wine» паходзіць ад грузінскага «гвіно». У Грузіі вырошчваецца больш за 500 гатункаў вінаграду – такой разнастайнасцю не можа пахваліцца аніводная краіна свету!

Лана Руднік

Фота аўтара