Пясок не патрабуе пасярэднікаў

Цяпер гарадзенцы могуць ганарыцца – сярод нас есць дзяўчына, якая адолела пясочную стыхію.

 

Каця Беляўская – студэнтка Гарадзенскага каледжа мастацтваў. Каб адшукаць яе, мне давялося добра папацець. Настаўнікі каледжу ў пошуках не дапамаглі, а нават больш… заблыталі! Але свет не без добрых людзей: дзе знайсці Кацю расказала суседка па пакоі. У рэшце – размова

 

– З чаго пачалося пясочнае захапленне? Як гэта прыйшло ў Гродна? Да цябе?

– Пачалося ўсё з таго, што ў каледж прыйшла дзяўчына, якая папрасіла нас зрабіць нешта ў стылі відэа-паштоўкі да Дня настаўніка. Вядома, гатовых прылад і матэрыялаў у нас не было, бо ніхто малюнкамі на пяску ніколі не займаўся. Я папярэдзіла, што для такой незнаёмай працы спатрэбіцца час. Пачалі працаваць, выдумляць нешта. Патрэбных навыкаў у мяне не было (не кажучы пра майстэрства), а ўся практыка абмежавалася праглядам некалькіх ролікаў, нават з мабільнага тэлефона.

>

– І ты ўзялася за гэта амаль без ведаў, і «яно» цябе захапіла?

– Так. Ніякіх настаўнікау і тых, хто мог дапамагчы, у Гродна не было. Я для сябе вырашыла: чаму і не? Чаму не паспрабаваць? Мяне вельмі ўразіла гэтая тэхніка. Эфект, які атрымваецца, калі малюеш не на паперы, а на стале з пяском, падсвечаным лямпай. Мне падабаецца кантрастнасць гэтых малюнкаў, тое, якімі жывымі глядзяцца ўсе лініі… Я лічу, што нават калі чалавек, які наогул не ўмее маляваць, паспрабуе гэта зрабіць, то ў яго так сама атрымаецца. Па-іншаму, хай на гэтым малюнку будзе чалавечак з кружочкаў і рысачак, але ён будзе прыгожы і «жывы».

 

– Хто памагаў табе з абсталяваннем, дзе капалі пясок і шукалі адпаведную лямпу?

– Такія лямпы існуюць ва ўсіх установах неяк звязаных з чарчэннем, архітэктурай і малюнкам. Яе ўзяла у каледжы. А вось пясок мне прывез бацька з працы: ён працуе зваршчыкам і знайшоў недзе адмысловы прамысловы пясок. Але першапачаткова я працавала з… маннай кашай. І гэта было зусім не так, як ты зараз можаш ўбачыць. Манка больш грубая, яна не дае такіх шматлікіх эфектаў, з ёй цяжэй працаваць.


– Ты будзеш развівацца далей, альбо ўся «пясочная справа» спыніца на візітоўцы?

– Мне хочацца працягваць практыку, таму што і на гэты час мне здаецца, што я на вельмі нізкім узроўні. Але часу на трэніроўкі пакуль няма, няма калі шукаць нейкія новыя прылады, тэхнікі. У каледжы выпускны год, і таму я больш рыхтуюся да экзаменаў. А вось улетку канкрэтна вазьмуся!


– А якая ў цябе спецыяльнасць у каледжы?

– Напрамак – дызайн. Але займаемся мы ўсім, чым заўгодна: ад малявання партрэтаў да распрацоўкі макетаў будынкаў. Суадносна, працуем і з жывапісам, і з дызайнерскімі падыходамі, і з кампутарнай графікай. Але апошняя ў нас на вельмі слабым ўзроуні.

– Чым пясок адрозніваецца ад пэндзлікаў і фарбаў? Якія эмоцыі адчуваеш, калі малюеш пальцамі?

– Ачуванне, натуральна, зусім іншае… Пясок награваецца, пакуль я трымаю яго у руцэ, я сама кірую тым, як ён будзе ляжаць. А галоўнае – прамы кантакт, без «пасярэднікаў. Не праз пэнзаль, не праз аловак, не з дапамогай кампутарнай мышкі, а адразу далонямі, пальцамі. Часам, калі доўга малюеш і пясок нагрэўся, узнікае адчуванне, што ты ў дзіцячай пясочніцы. Альбо здаецца, што я трапіла на мора.

 

«Маляванне на пяску адрозніваецца ад іншых відаў мастацтва тым, што гледачы адразу бачаць, што і як ты робіш. Яны адчуваюць кожны твой рух. Калі чалавек бачыць ўжо гатовы мастацкі твор, у яго няма гэтага адчування прысутнасці», – рэзюміравала Каця. І перад тым, як мы ўжо сабраліся сыходзіць, Каця прапанавала намаляваць лагатып нашага штотыдневіка. І намалявала…

Фота: Юры Іванюк