Алесь Дзянісаў абвінавачваецца ў самаўпраўстве

Месяц таму сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Алесь Дзянісаў (на здымку) быў затрыманы супрацоўнікамі праваахоўных органаў у адной з гродзенскіх школаў падчас працы над запісам сюжэта аб факультатыўным вывучэнні па прадмеце “Гродназнаўства”.

Журналіст знаходзіўся там пасля папярэдняй размовы з дырэкцыяй, якая пагадзілася на здымкі. Размова ішла таксама ў прысутнасці прадстаўнікоў школьнай адміністрацыі.

Таму Алесь быў здзіўлены, калі яго і аператара міліцыянты на вачах вучняў і настаўнікаў без тлумачэння прычынаў затрымалі, а праз месяц абвінавацілі журналіста ў самаўпраўстве.

Справу перадалі ў суд. На думку Алеся, затрыманне з’яўляецца фактам парушэння ягоных правоў, гарантаваных Канстытуцыяй краіны:

Артыкул, паводле якога мяне абвінавачваюць, не адпавядае самой сітуацыі затрымання і перадачы справы ў суд. Я лічу, што для гэтага няма падставаў. Няма доказаў факту таго, што я збіраўся распаўсюджваць атрыманую мной інфармацыю ў СМІ. Я здымаў з дазволу кіраўніцтва школы, а, самае галоўнае, згодна з артыкулам №34 Канстытуцыі РБ, маю права атрымліваць інфармацыю, якая не з’яўляецца дзяржаўнай таямніцай.

Пазіцыю Алеся падтрымлівае і намеснік старшыні ГА «БАЖ», юрыст Андрэй Бастунец.

Вельмі паказальна, што самаўпраўствам міліцыя называе дзеянні, гарантаваныя грамадзянам Канстытуцыяй Беларусі, — зазначае ён. – Так, арт. 34 Канстытуцыі гарантуе права на атрыманне, захоўванне і распаўсюд поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі пра дзейнасць дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, пра палітычнае, эканамічнае, культурнае і міжнароднае жыццё. Такім чынам, падрыхтоўка журналісцкіх матэрыялаў не азначае самаўпраўства, паколькі гэта – права кожнага».

Больш за тое, як звяртае ўвагу юрыст, згодна арт.1 п.7 дзеючага Закона «Аб СМІ», журналістам прызнаецца не толькі асоба, якая працуе ў штаце рэдакцыі, але і той, хто рыхтуе матэрыялы на іншых падставах (у рэжыме фры-ланс, па дамове падраду ці аўтарскай дамове, якая можа заключацца ў вуснай форме).

Алесю Дзянісаву пагражае штраф у памеры ад двух да дзесяці базавых велічыняў – ад 70 да 350 тысяч беларускіх рублёў.

 

Фота аўтара