Журналіст як акцёр

| Без катэгорыі

Чалавеку 22 гады, а ён правёў ужо столькі журналісцкіх расследаванняў і зрабіў столькі цікавых рэпартажаў, што час на трэнінгу (з 12 да 18 гадзін) за абмеркаваннямі яго праектаў праляцеў непрыкметна. Наогул, такі жанр, як журналісцкае расследаванне ў Беларусі вельмі рэдкі: або расследаваць няма чаго або нельга расследаваць, але факт застаецца фактам. І Глеб прыехаў да нас, маладых, але вельмі здольных журналістаў, каб паказаць, што праводзіць расследаванні можна і нават трэба.

У яго даволі вялікі стаж працы ў «Камсамолцы», і таму паказаць і пачытаць было што. Вельмі яркім быў матэрыял пра тралейбусы, якія пакалечылі людзей токам, а адну дзяўчыну нават забіла. І каля паўгадзіны пайшло на тое, каб распавесці, як рабіўся артыкул, колькі інстанцый было пройдзена, колькіх людзей сустрэў і колькі гісторый пачуў.

«Грэе тое, што я дайшоў да канца ў гэтай справе, раскапаў больш, чым пракуратура, якая апамяталася пасля таго, як выйшаў матэрыял, але было ўжо позна…», – распавядаў задаволены Журналіст. Для аднаго з рэпартажаў яму прыйшлося панакупляць малочных прадуктаў і адправіцца «чаўном» у Смаленск. Калі ён чытаў свае матэрыялы, ён быццам зноў вяртаўся ў тую сітуацыю і быццам абгульваў яе зноўку, маляўніча ўяўляючы нам яе голасам і мімікай. Невялікі перапынак – і мы зноў у атмасферы творчасці і ў цэнтры абмеркаванняў чарговага гучнага рэпартажу.

А я ўсё трывожна чакала заканчэння, таму што ведала, што мне з гэтым чалавекам яшчэ трэба пагаварыць і запытацца шмат пра што. Я карэктна не адставала ад яго ні на крок, і ён, стаміўшыся, быў не ў сілах мне адмовіць, прапанаваў па дарозе ў гатэль пабалбатаць. Высветлілася, што ён атрымаў масу прэмій за свае матэрыялы. І не толькі таму што ён «заслужаны авантурнік», тут і талент, і выпадак, і правільныя людзі на шляху. Паміж іншым, я яго спытала, ці ёсць у яго жыцці чалавек, які звярнуў яго лёс у вызначаны момант. Ім апынуўся Рыгор Барадулін.

«Ён накіраваў мяне на правільны шлях, быў вызначальным штуршком…», – успамінае Глеб. У 13 гадоў спадар Лабадзенка пачаў сваю працу ў «Камсамолцы», і вось зусім нядаўна, пасля змены рэдактара, ён пакінуў гэтае выданне. «Мне патрэбна воля, я гатовы працаваць уначы, але я не люблю лімітаў…» Глеб дбайна сыходзіў ад пытанняў аб асабістым жыцці, але тое, што не жанаты, гэта сапраўды… «Чым больш мэт ты паставіш, тым большага ты даможашся»…пэўна, таму ў такім маладым узросце ён ужо столькі дасягнуў. Гэта, вядома, не мяжа, але ўсё ж… У дзяцінстве ён жадаў стаць прэзідэнтам. «Беларусі?», – удакладніла я. Мы пасмяяліся, але дзіцячыя мары самыя ажыццяўляльныя: … Паглядзім!

Зараз Глеб Лабадзенка працуе на радыё, ездзіць па Еўропе і, самае галоўнае, піша кнігу «Прыватны альбом Альжбеты Радзівіл». Ёй ужо шмат гадоў, Глеб ездзіць да яе ў Варшаву, каб азнаёміцца з новымі фактамі гэтага гістарычнага роду. «Вось пражыў я чвэрць жыцця, а нічога так і не зрабіў. Усё пройдзе і забудзецца, а кніга застанецца …» «Добра, што ёсць людзі, каго журналістыка насамрэч цікавіць», – абмовіўся ён, калі мы развітваліся … Штосьці мне падказвае, што гэта не апошняя наша сустрэча…

Лізавета Гарохава