Кіраўніцтву “Гроднатэкстыля” прад’яўленыя абвінавачванні

|

Пад крымінальны пераслед трапілі дырэктар, яго намеснік і начальнік аддзелу маркетынгу “Гроднатэкстыль”. Ім інкрымінуецца ўчыненне шкоды прадпрыемству на суму 156 мільёнаў рублёў.

Па дадзеных супрацоўнікаў гродзенскага аддзелу барацьбы з эканамічнымі злачынствамі, усе тры ў верасні мінулага году неналежным чынам выконвалі свае службовыя абавязкі, што і стала прычынай учынення шкоды прадпрыемству. Па дадзеным факце ў дачыненні трох кіраўнікоў узбуджана крымінальная справа па прыкметах злачынства, якое прадугледжвае ч.1 арт. 428 – службовая халатнасць. Вядзецца следства.

У жніўні мінулага году з’явілася інфармацыя, што дырэктара “Гроднатэкстыль” падазраюць у тым, што ён нанёс дзяржаве шкоду ў памеры паўмільёна даляраў. Папярэдне ў 2007 годзе прадпрыемства хацелі прадаць як маёмасны комплекс, бо ў 2002 годзе яно было прызнана банкротам. Аднак дырэктар Грыгорый Свірыдаў знайшоў выйсце – ён пачаў аднаўляць будынкі, якія не выкарыстоўваліся, і здаваць іх у арэнду, а грошы пускаць на развіццё прадпрыемства. У канцы 2008 года праверка КДК выявіла 105 будынкаў і збудаванняў, якія не належалі “Гроднатэкстылю”. Яго дырэктара абвінавацілі ў тым, што быццам бы з мая 2006 года па красавік 2009 ён нанёс шкоду дзяржаве ў памеры 1,1 мільярдаў рублёў, паведамляў «Ежедневник». 

На дадзены момант “Гроднатэкстыль” з’яўляецца буйнейшым даўжніком перад бюджэтам. Ён страціў права карыстацца дзяржпадтрымкай, піша “Вечерний Гродно”.

Здымак з www.tekstil.grodno.by