Замест арыстакратаў – кітайцы

| Без катэгорыі

Першапачаткова арганізатары заяўлялі, што будуць «БМВ», «Аўдзі», «Кадылакі». Тыя, хто быў на папярэдняй выставе ў Гомелі, ці бачыў яе праз СМІ, чакалі падобнага ў Гродна. Аднак у нас мадэльны шэраг, якога звычайна чакаюць на аўтасалонах, адсутнічаў цалкам. Гледачам падсунулі кітайскія «Чэры», некалькі «Пяжо», а ў асноўным былі «Фарды» і «Кіа». Машыны самі па сябе нядрэнныя, але іх было паўтара дзесятка.

>

Былі два мікрааўтобусы «Форд Транзіт», адзін аўтобус з нейкім незразумелым надпісам – «першае маршрутнае ТВ» і адзін баггі ад таксі «Бертэль». Дзяржаўтаінспекцыя прэзентавала «Крайслер», а самым прыгожым прызналі джып «Міцубішы Аўтлэндэр».

 

Аднак усе гэтыя машыны і так ездзяць па гарадскіх вуліцах. Да таго ж, усе яны выстаўляліся амаль адным аўтасалонам. Білет каштаваў дзесяць тысяч – студэнтам і школьнікам са зніжкамі – за тое, што можна паглядзець абсалютна бясплатна дзе-небудзь на Савецкай плошчы, ці вуліцы Ажэшкі, ці ў Паўднёвым у дварах…

 

Сітуацыю неяк разбаўляла праца майстра па аэраграфіі ад аўтаклубу «Аўтагродна.бай», які ў часе адкрыцця наносіў фарбамі ўпрыгожванні на машыну. Вось только шыкануць на дарозе кіроўцы ўсё роўна не атрымаецца: гэтае аўто не пройдзе тэхнічны агляд.

 

Удзельнікі і гледачы выставы амаль пляваліся. «За такое арганізатарам павінна быць сорамна», – кажа адзін з яе наведвальнікаў, Ігар. – За што мы плацілі гэтыя грошы?». Філіп, удзельнік гарадзенскага аўтаклубу, пракаментаваў: «Ды ў нашых гонках і то лепшыя аўтамабілі ўдзельнічаюць».

 

«Дзіравым» апынуўся і арганізацыйны бок: заяўлялі, што выстава пройдзе ў Лядовым Палацы. Аднак яе загналі на ўскраек цэнтральнага стадыёну. Мне прыйшлося шукаць уваход каля дваццаці хвілін. На яго ўказвалі толькі рознакаляровыя балонікі, якіх амаль не было бачна.

 

Не гледзячы на гэта, людзей на адкрыцці было даволі шмат. Але сарафаннае радые зрабіла сваю справу – у астатнія дні выстава пуставала. Якая-небудзь праграма на працягу нядзелі таксама адсутнічала – прадстаўнікі аўтасалонаў рэальна сумавалі, калі я аглядаў аўтамабілі ў аўторак-сераду.