Тыдзень памяці вязняў гродзенскага гетта

|

Па словах старшыні габрэйскай абшчыны Алены Куцэвіч, Тыдзень памяці ў сакавіку – гэта ўжо даўняя традыцыя, якая ўшаноўваецца цягам 8 гадоў.

Ужо сёння адбудзецца першае мерапрыемства – Вечар памяці вязняў гетта. Традыцыйны Мітынг памяці, які ладзіцца 12 сакавіка, гэтым разам будзе хутчэй за ўсё перанесены з-за пашкоджання міноры над аркай каля памятнай шыльды вязням гродзенскага гетта. Мітынг зладзіцца 18 або 21 сакавіка.

У нядзелю 14 сакавіка габрэйская абшчына зладзіць некалькі мерапрыемстваў для дзяцей. Разам з псіхолагам зараз распрацоўваюцца тэмы гістарычнага фону падзеяў, праблема катастрофы ў цэлым і для жыхароў Гродна ў прыватнасці, каб іх можна было прэзентаваць дзецям ва ўзросце да 12 гадоў, патлумачыла Алена Куцэвіч.

12 сакавіка 1943 года былі вынішчаныя вязні аднаго з гродзенскіх гетта. Усяго ў горадзе было 2 гетта, за калючым дротам загінула 29 тысяч габрэяў. Да гэтай даты і прымеркаваны Тыдзень памяці.