Аліса ў Краіне Нудаў

|

Некалі малады амерыканскі аніматар Тым Бёртан уступіў у сур’ёзны канфлікт са студыяй Дыснэя, спрабуючы зняць «Франкенвіні» – чорна-белы жанравы фільм пра сабаку-зомбі. Сёння, маючы за сабою 25 год працы ў кіно і такія тузы ў рукаве як «Чарлі і шакаладная фабрыка», ён вяртаецца да Мекі сучаснага дзіцячага кіно, каб стварыць абноўленую версію стужкі. І неяк так паміж справамі зняць фільм пра Алісу.

 

Найноўшая «Аліса ў Краіне Цудаў» гэта перадусім не экранізацыя. Гэта самастойны твор, пабудаваны, з выкарыстаннем старых персанажаў з першай і другой часткі кнігі, з асаблівым націскам на паэму «Джабервокі» (у нас больш вядомая пад назвай «Бармаглот»). Дарослая Аліса, якую мяркуюць выдаць замуж за тупаватага і брыдкага лорда, вяртаецца ў Краіну Цудаў, каб выканаць прадказанне і абязглавіць жахлівага Бармаглота, скідаючы адначасова з трону Чырвоную Каралеву.

Старыя сябры Алісы: Шалёны Капялюшнік (сумнеўнай якасці роля Джоні Дэпа), Белы Трусік, птушка Дода ці Чэшырскі Кот – усе яны партызаняць у лясах і рыхтуюцца да канчатковай бітвы з Каралевай (у гэтай ролі Хэлена Бонэм-Картэр). Апошняя, дарэчы, не гледзячы на сваю нервовасць, вельмі інтэлігентна і трапна цытуе Макіявелі.

 

align=”left” >Сярод станоўчых герояў асабліва трэба адзначыць цудоўна анімаванага, вельмі мілага Чэшырскага Ката. Гэта, побач з Дэпам, сімвал усяго фільма. Мастакам стужкі ўдалося зрабіць яго неверагодна жывым і абаяльным. Яго сапраўды хочацца прытуліць. У канцы фільму заварожвае фенаменальная, але кароткая сцэна танцаў Шалёнага Капялюшніка, для якой адмыслова запрасілі вядомага танцора Дэвіда Берналя. Наогул, моцны бок фільму – гэта візуальная частка, дапрацаваная і арыгінальная. Аўтарскі стыль Бёртана пазнавальны ў кожнай дробязі.

 

А вось галоўная праблема значна большая. Бёртану – вялікаму майстру апавядання – гэтым разам не ўдаецца апавесці нічога. Гісторыя распадаецца на нашых вачах на шэраг тыповых для жанра дзеянняў, фактычна штампаў, што бягуць галопам адзін за адным. Быццам памятная забастоўка сцэнарыстаў працягваецца. Парадаксальна, спроба распавесці болей абарочваецца супраць рэжысёра. Проста вытлумачэнне бывае менш цікавым за таямніцу, як некалі сказаў Мікелянджала Антаніёні.

 

У персанажах і іх паводзінах няма амаль нічога тыпова бёртанаўскага, быццам бы рэжысёр і не імкнуўся знайсці ў класічнай казцы сваё ўласнае другое дно. Яму ўдалося звязаць паміж сабой незвязаных у арыгінале Кэралам персанажаў, але ці варта было тое рабіць – сумнеўна. Аднаго гэтага мала.

 

У «Алісе» не сустракаеш нічога нечаканага. Гэта кавалак добрай працы, які не ў стане здзівіць ці выклікаць значных эмоцый. Вельмі хочацца ўзяць ды распавесці сваю гісторыю з тымі ж персанажамі і дэкарацыямі. Падоўжыць сваё знаходжанне ў Краіне Цудаў.

 

Дарэчы, фільм сапраўды занадта «кароткі». То бок, за амаль дзве гадзіны адбываецца вельмі мала. Мабыць, гэта вынік спрошчанасці сюжэту. Усё гэта не пакідае сумневу, што стужка арыентаваная ў першую чаргу на дзяцей. Напэўна дзеля гэтай аўдыторыі і прыкруцілі моднае 3D, якое тут зусім не патрэбна і мае сэнс усяго ў некалькіх сцэнах.

 

Спіс расчараванняў закрывае сам Джабервокі (па-беларуску Жабавок ці Мармазяўр), да сустрэчы з якім нас рыхтуюць на працягу ўсяго фільму. Ён, хоць і створаны паводле арыгінальных кніжных ілюстрацый, аказваецца самым тыповым цмокам і нават у аднайменным фільме Тэры Гільяма яго рэалізавалі цікавей.

 

Але хопіць пра форму, зірнем на змест. Ці мае «Аліса» хаця б нейкую ідэю: нешта, што б не дазваляла аднесці яе адно да высокатэхналагічнай забавы? Здаецца, так. Бёртан не пакідае сумневу – застацца ў Краіне Цудаў немагчыма, дарослым мусіць стаць кожны і з кожнага сну трэба калісьці прачнуцца. Уцёкі ад рэальнасці павінны ўзмацніць нас і даць шуканы адказ, а не замяніць сапраўднае жыццё назаўсёды. Менавіта таму Аліса адкідае як фантасмагарычную Краіну Цудаў, гэтак і нудную штодзённасць віктарыянскай Англіі.

 

Ці гэта капітуляцыя казачніка перад складанасцю «сапраўднага» свету? Не абавязкова. Бо з іншага боку – «рэальна тое, у што ты верыш», як кажа мудры вусень з кальянам. «Толькі шаленцы сапраўды чагосьці вартыя» – не аднойчы паўтарае Аліса. Яе пасланне адначасова аптымістычнае і сумнае. І гэта істотная моц гэтага фільму.

 

Бёртан у свае 50 год нарэшце вырас з дзяцінства, зразумеўшы, што кіно сёння гэта перадусім грошы. Але аскепак яго наіўна-фантазійнага мыслення ёсць і ў гэтай стужцы. Ён застаецца тым, хто штодня яшчэ перад сняданкам верыць у шэсць немагчымых рэчаў.

 

Фільм: Аліса ў Краіне Цудаў / Alice in Wonderland, 2010 г., ЗША, 108 хв.

Рэжысёр: Тым Бёртан

Жанр: казка / прыгодніцкі Асабістая ацэнка: 6/10