27 сакавіка на вуліцы Гародні выйдуць людзі са свечкамі

|

Акцыя будзе доўжыцца з 8.30 да 9.30.

Адначасова ўніверсітэт распачне тэлефонную міні-гульню “Пазвані сябру і запрасі яго на вуліцу”.

Яе мэта – выцягнуць на вуліцу як мага больш людзей.

Па словах гарадзенскай каардынатаркі “Гадзіны Зямлі” Вольгі Крамлёвай, седзячы дома, людзі дарэмна выкарыстоўваюць вялікую колькасць электраэнергіі нават не задумваючыся пра гэта, арганізатары гульні збіраюцца звярнуць увагу людзей на праблему энергазберажэння.

У Беларусі арганізатарам “Гадзіны Зямлі” выступае экалагічнае таварыства “Зялёная сетка”, якое звярнулася за падтрымкай да абласных і раённых адміністрацый, кіраўнікаў міністэрстваў і буйных прадпрыемстваў, рэктараў універсітетаў.

У Гародні першым адгукнуўся факультэт біялогіі і экалогіі ўніверсітэта імя Янкі Купалы, аднак эколагі спадзяюцца, што іншыя навучальныя ўстановы і прадпрыемствы таксама далучацца.

У чацьвер на біяфаку ГРДзУ (вул. Даватара 3/1 к. 129) ў 16.00 адбудзецца арганізацыйная сустрэча, на якую запрашаюцца ўсе ахвотныя, дзе ўдакладняцца ўдзельнікі і змест мерапрыемстваў у межах “Гадзіны Зямлі”.

Пачынаючы з 22 сакавіка студэнты ГРДзУ распачнуць рэкламу “Гадзіны Зямлі” ў навучальных установах горада.

Клаўдыя Пражмовска