Нафарбаваныя вусны не перашкаджаюць вадзіць машыну

Але ж і з яго вуснаў часам зрываюцца «кампліменты» ў адрас неакуратных кабетак. Затое я добра ведаю як водзіць аўто мая сястра і некалькіх сябровак, і таму цалкам давяраю ім сваё жыццё і здароўе. Так хто ж з нас мае рацыю ў дачыненні да кіроўцаў з доўгімі пазногцямі і нафарбаванымі вуснамі?

 

– На жаль, дакладную статыстыку па аварыях даць вельмі цяжка, – распавядаюць мне супрацоўнікі ДАІ. – Большасць кіроўцаў ва ўсім свеце, як і ў нашым горадзе, мужчыны. Таму і атрымліваецца, што часцей за ўсё ў здарэннях замяшаныя менавіта яны. Але калі гаварыць не прадузята, то сярод жанчын сустракаюцца вельмі ўмелыя і асцярожныя кіроўцы. Шмат хто з іх яшчэ і мужчынам могуць жару задаць! Да таго ж, жанчына амаль ніколі не сядзе за руль у нецвярозым стане. Але бываюць і такія, якія чырвонае святло ад зялёнага адрозніць не могуць.

 

Мяне парадавала, што супрацоўнікі ДАІ не прытрымліваюцца стэрэатыпаў, а цвяроза ацэньваюць становішча. І пакуль я, з дазволу супрацоўнікаў дарожнага правапарадку, назірала за рухам, яны спынілі 4 машыны. У трох з іх кіроўцы былі мужчынамі, якія вельмі нахабна шпурляліся дакументамі. А ў 4-й машыне апынулася даволі мілая дзяўчына, якая не парушыла правілаў, мела пры сабе ўсе патрэбныя паперкі і спакойна іх прад’явіла. Таа-а-ак! Адзін «плюсік» у скарбонку жанчын пакладзены.

 

Дзеля справядлівасці трэба было даведацца, што на гэты конт думаюць мужчыны-кіроўцы. Я адправілася на паркоўку з надзеяй, што мужчыны з радасцю пагодзяцца абмеркаваць гэтую тэму. Як бы не так! Ад мяне адпіхваліся, адмахваліся і збягалі, як толькі я адкрывала рот. «Вось, – яхідна падумала я, – і мінус у ваш адрас, дарагія мужыкі! Вы няветлівыя і занадта ўпартыя!». Але некалькі ахвяраў я злавіла.

 

Вова, 22 гады: Да жанчын за рулём я стаўлюся даволі пасродкава. Часам раздражняе тое, як яны капаюцца на выездах і ўездах, як спрабуюць прыпаркавацца там, дзе ўсталяваны знак »Забароненае». Але ў мяне асабіста канфліктаў з жанчынамі на дарогах не здаралася. Можа таму, што я важу даволі ўпэўнена. Калі нешта адбудзецца, то, магчыма, меркаванне зменіцца. А пакуль – няхай сабе ездзяць, вучацца, стаж кіроўцы зарабляюць.

 

Аляксандр, 27 гадоў: Я кірую аўто ўжо 7 гадоў і зараз чакаю, калі на правы здасць мая жонка. Нічога супраць жанчын за рулём я не маю, але ўсё ж такі лічу, што яны безуважлівыя. Здарыцца якая-небудзь непрыемнасць, і яны адразу кідаюцца ў паніку, рукі з руля зрываюць і ногі з педаляў. Крычаць як шалёныя. Мужчыны ў гэтым сэнсе спакайней. Але шчыра прызнацца, часам жанчына за рулём – цудоўнае і чароўнае відовішча.

 

У кожнай бочцы мёду абавязаная прысутнічаць лыжка дзёгцю: як раз пасля гэтых разважанняў я ўбачыла панурага мужчыну, які выходзіў з машыны. Я тут жа накіравалася ў яго бок. Мужык не толькі не прадставіўся ў адказ, ён мяне ледзь не забіў!

 

– Гэтыя бабы! Што з іх узяць? Адна сцерва кожны вечар у двары па паўгадзіны паркуецца! Паркуешся столькі часу – хоць глядзі, што робіш! Мне крыла падрапала, суседу праезд загарадзіла! Едуць і вусны сабе фарбуюць. Абцасы начэпяць да неба, і ўсё па тэлефоне размаўляюць!

 

Ён размахваў рукамі, гарлапаніў, прыскаў слінай. Я адчувала сябе той самай жанчынай-кіроўцам, якая беднага мужчынку пазбавіла крылаў… Па сценачцы, па сценачцы стала выбірацца з паркоўкі. Яшчэ з гадзінку паблукала па горадзе, пакуль не ўбачыла дзяўчыну каля «Аўдзі».

 

Вольга, 26 гадоў: Стажу кіроўцы ў мяне не шмат, але на правы я здала з першага разу. Праўда, да гэтага трохі практыкавалася з бацькам за горадам. Часам сама паддаюся масаваму псіхозу, што жанчына за рулём – гэта катастрофа. Але адразу ўспамінаю, што я адна з іх, таму спрабую вадзіць аўто яшчэ лепш. А вусны за рулём ніколі не фарбую! Дарэчы, ніколі не бачыла, каб хтосьці так рабіў. Гэта ўсё ў кіно…

 

Я прыйшла да высновы, што канфлікт паміж мужчынамі і жанчынамі на дарогах – гэта нешта раўназначнае праблемам бацькоў і дзяцей. А мужчынам хочацца дадаць: калі ласка, не крычыце так на дзяўчат, якія падрапалі вам бампер або падушылі капот! Магчыма, гэта лёс…