Інтэлектуальны марафон 2010

| Без катэгорыі

Першы этап складаўся з напісання эсэ на тэму «Што значыць быць еўрапейцам?». Кожны жадаючы абавязаны быў выконваць некаторыя ўмовы пры яго напісанні: друк у фармаце А4 паўтарачным міжрадковым інтэрвалам, шрыфт – Times New Roman, аб’ём – 3-4 старонкі. Мова напісання – беларуская або руская і г.д. Усе працы адпраўляліся па электроннай пошце.

 

У першым этапе не было нічога цікавага, але вось ад другога ўсе чакалі чагосьці большага:

 

– Я думала, што мы паедзем у Вільню, каб там пераадолець другі этап. І была расчараваная, калі прачытала, што другі этап будзе ў Мінску, – сказала Дыяна Маліноўская, будучы лаўрэат «Марафону».

 

Толькі прыехалі ў Мінск адразу паўстала праблема: як знайсці Беларускую сельскагаспадарчую бібліятэку імя І.З. Лупіновіча – месца правядзення другога этапу. Амаль ніхто з мінакоў не ведаў, дзе яна знаходзіцца. У лісце згадвалася, як праехаць, нават прысутнічала схема, але ўсё адносна… На месца мы прыехалі за паўгадзіны да пачатку. У аўдыторыі нас сустрэў выкладчык акадэмічнага дэпартаменту філасофіі Андрэй Уладзіміравіч Ралёнак.

 

Прайшоў рэгістрацыю, сеў за стол і адчуў хваляванне: «Ці змагу я напісаць яшчэ адно эсэ за дзве гадзіны? У першым этапе давалі часу ледзь не месяц!». А аўдыторыя паступова запаўнялася. Усяго прыехала 28 чалавек з усіх куткоў Беларусі. І Саша вырашыла спытаць – для чаго вы паступаеце ў ЕГУ? Чым прыцягнула вас гэтая навучальная установа?

 

Эміль Ермохін, вучань з Мінску, лічыць што ЕГУ – выдатнае месца для працягу навучання, што сістэма адукацыі ў ім зусім іншая, не такая як ва ўсіх беларускіх ВНУ.

 

Ну вось, усе дашлі, і Андрэй Уладзіміравіч яшчэ раз павіншаваў нас з паспяховым канчаткам першага этапу і распавёў, у чым будзе сутнасць фіналу і напрыканцы згадаў пра нейкую неспадзеўку. Але пра гэтае – потым.

 

Нам на выбар далі дваццаць чатыры тэмы! Ад «Нацыянальныя знакі Беларусі» да «Інтэрнэт-прастора: воля або кантроль? ». Праца павінна была быць не меней дзвюх з паловай старонак. Характэрным у напісанні эсэ было, тое, што прафесар філасофіі прапаноўваў падмацаваць свае сілы, калі хтосьці стаміўся. Для гэтага стаяў спецыяльна накрыты стол. Я абраў тэму «Ці можна лічыць дэмакратыю найлепшай з палітычных прылад?» і схіліўся над паперай…

 

Пасля напісання мы прыняліся горача абмяркоўваць, хто ўсё ж такі патрапіць у «адмысловыя ўмовы», кожны з нас чамусьці «саступаў» прызавое месца іншым, а пра сябе сціпла маўчаў. Пра вынікі мы даведаліся 4 красавіка. І што было самым «неспадзеўным», якое нам абяцаў Андрэй Уладзіміравіч? Абсалютна ўсе мы вызваляліся ад напісання профільнага эсэ! Аказваецца, у Мінску мы ваявалі за права паехаць у Літву, на міжнародную студэнцкую канферэнцыю.

 

Мы былі прыемна здзіўленыя, празнаўшы, што чвэрць фіналістаў былі з Гарадзенскай вобласці.

Ілюстрацыя http://www.tiga.by/news