3-ці тур: «Нёман» Гродна – «Дынама» Мінск 0-1

|

Трэнер гарадзенцаў Алег Радушка паабяцаў, што каманда рэабілітуецца ў матчы, пра які мы зараз гаворым. З Мінску да нас прыбыло каля 80-ці заўзятараў.

 

Склад «Нёману»: Астапенка, Савасцьянаў, Надзіеўскі, Ікім, Лявіцкі, Дзера, Горбач, Місюк (Дземідовіч, 57), Лягчылін (Вейкуціс, 71), Раўнейка, Валодзенкаў (Захараў, 72). Запасныя: Чэрнік, Тарасенка, Шуманскі, Гурко.

 

Першую атаку ў матчы правялі гаспадары, Надзіеўскі лёгка абгуляў Монтарупа, увайшоў у штрафную, але аддаў недакладны пас. Госці адказалі хутка, спачатку Пуціла недакладна прабіў па варотах Астапенкі. Затым Чалей і Марахоўскі зарабілі па кутнім, якія нічым для сталічных футбалістаў не скончыліся. Затое першы небяспечны момант стварылі дынамаўцы, Пуціла падхапіў мяч у лініі штрафной і прабіў левай у блізкі ад брамніка кут. Астапенка толькі поглядам праводзіў мяч, які патрапіў у штангу.

 

Галоўную небяспеку для гарадзенскай абароны ўяўлялі штрафныя ўдары ў выкананні Кісляка. З кожным ударам капітан дадаваў у дакладнасці, але вынік прыйшоў толькі незадоўга да канца сустрэчы. На 70 хвіліне Дзера парушыў правілы каля ўласнай штрафной. Да мяча падыйшоў Кісляк і сапраўды прабіў у верхні кут варот «Нёману»: 0-1 «Дынама» выйшла наперад.

 

Да канцоўкі матчу «Нёман» усімі сіламі кідаўся наперад, але рахунак на табло так і не змяніўся. «Дынама» вязе дамоў здабытыя 3 ачкі. Па завяршэнні матчу галоўныя трэнеры падвялі рахункі.

>

Сяргей Гурэнка: Гульня была нервовая. У першым тайме ў нас былі моманты, але мы не змаглі іх выкарыстаць. «Нёман» з’яўляецца для нас нязручным супернікам. Гарадзенскі клуб адрозніваецца байцоўскімі якасцямі. Мы перамаглі дзякуючы рэалізацыі тых момантаў, якія атрымалася стварыць.

 

Алег Радушка: Кваліфікацыя суддзі незразумелая. Ён абклаў нас штрафнымі, прытым, што ў суперніка ёсць добрыя выканаўцы. Я не магу зразумець тое, што сёння адбывалася на полі. У першым тайме суддзя свістаў у наш бок, у другім – у бок суперніка. У першай палове сустрэчы мы выпусцілі больш сілавы склад, што праявілася на відовішчнасці гульні. Тым не менш, я задаволены гульнёй каманды… У пачатку чэмпіянату мы сутыкнуліся з праблемамі ў нападзенні, некаторыя гульцы атрымалі траўмы.

Матэрыял падрыхтаваны з выкарыстаннем інфармацыі www.fcneman.com