Свабода – жаданая і недасягальная

|

Нават тут нельга нiчога зрабiць, каб табе не перашкаджалi: калi я адчуваю, што ўнутры пуста, што душа просiць свабоды, то разумею, што прыйшла пара пiсаць эсэ. Праклятая плямка!

 

Ехала сёння ў тралейбусе ды і незнарок падслухала размову дзвюх 70-гадовых (а можа i старэйшых) бабулек. Адна скардзiлася другой, што зараз старыя бацькi непатрэбныя дзецям. Што ж, сумна. Сумна i дзiўна, чаму самыя дарагiя спачатку, становяцца непатрэбнымі потым?..

 

A тая страшная трагедыя з польскiмi уладамi…Чаму спадар Аляксандр Рыгоравiч не абвясцiў траўр? Суседзі ўсё ж такі… Цi, можа, ён перакананы, што гэта не нашая справа? Як тут разабрацца?..

 

Не буду зараз пералiчваць усе рытарычныя пытанні, якія ўзнікаюць у нашым жыцці і нашай дзяржаве. Але ж, як кажуць, не ўся праўда – таксама хлусня. I чаму мы самi яе – поўнай праўды – не хочам? А можа хочам, але «баiмся», «саромеемся», «яшчэ не час». Ды колькi ж можна? Успамiнаецца доктар Сайкоў: «Падымiцеся над сваiмi слабасцямi»…

 

Я хачу жыць у свабоднай краiне, дзе няма калгасаў без людзей, адукацыі з размеркаваннем ды медыцыны з нейкай «парашай» і без лекаў, якую, дарэчы, мой дзед называе савецкай.

 

А можа так яно i трэба? І я нечага неверагоднага хачу? Успомніла анекдот. Нясмешны такi, трохi злосны, але… Сядзiць габрэй на стуле, у якім тырчыць цвiк. Габрэй не вытрымаў i ўстаў. Потым сеў рускi. Пасядзеў 10 хвiлiн, ўстаў, пайшоў. Сеў беларус. Цвiк усё тырчыць, беларус усё сядзіць. Балюча, але не ўстае. А ў галаве толькi адно пытанне: «A можа так i трэба?».

 

Эх, слова гэтае, «свабода» – жаданае і недасягальнае. Дзе яна зараз i каму яна тут патрэбная? Калi-небудзь мы вырасцем і пакажам сваю незадаволенасць, i тады ўладзе такой з яе пазашлюбным сынам і штатам лізаблюдаў, якiя ганьбяць мову і не паважаюць нацыю, прыйдзе палітычны канец. I што яна зробiць? Пачне апеляваць да законаў, якія сама мяняла колькі разоў?

 

Я ведаю, што такіх, як я, шмат. Aдначасова гордых і пакрыўджаных. Пакрыўджаных гэтым цвіком, на якім сядзяць бабулькі і бацькі, гэтым неабвешчаным траўрам, гэтай «не ўсёй праўдай».

Ілюстрацыя: http://valer4a.beon.ru