Як гарадзенка абараніла свае правы на інфармацыю

|

Касацыйны суд пад парадкавым нумарам «8» прынёс нечаканую і для самой Элы перамогу. Зацятасці і паслядоўнасці ёй не займаць. Але як усё пачыналася, што прывяло Элу ў шэрагі абаронцаў, ды яшчэ такіх баявых?

 

– У сакавіку мінулага году я падабрала бяздомную цяжарную кошку. Пасля таго, як кацяняты падраслі, прыйшла пара шукаць ім гаспадароў. На Гарадзенскім форуме я пазнаёмілася са многімі неабыякавымі і актыўнымі людзьмі. Так і прыйшла да дзейнасці па абароне жывёлаў.

 

– Раней у Гродна дзейнічала грамадскае аб’яднанне абароны жывёлаў «Дабрыня»…

– На жаль, некалькі гадоў назад яно спыніла сваё існаванне. Пасля чаго бяздомныя жывёлы былі пакінутыя на волю лёсу і брыгад ГДзУПП «Спецаўтагаспадарка», якія займаюцца іх адловам. Застаецца толькі здагадвацца, якімі метадамі дадзеныя брыгады нішчаць безабаронных….

 

– Сапраўды, якімі метадамі? Вы ведаеце?

– Па маіх апошніх дадзеных – электрычным токам. Але гэты спосаб дазваляецца ўжываць да жывёлін толькі ў іх несвядомым стане. Як жывёліны прыводзяцца ў несвядомы стан мне дагэтуль невядома, так як перапіска займае занадта шмат часу, а вуснай інфармацыі я давяраю мала.

>

Гэта пункт часовага ўтрымання жывёлін.

Амаль заўсёды пусты. Значыць…

– Нам вядома, што перад судамі вы спрабавалі «мірным» шляхам вырашаць пытанні з прадпрыемствамі. Аб чым была перапіска, чаго вы дамагаліся, пра што хацелі даведацца?

– Першым чынам мяне хвалявала пытанне эўтаназіі жывёлін, а таксама кошт такога спосабу рэгулявання колькасці бяздомны сабак і катоў. Па тых дадзеных, якія былі апублікаваныя ў газеце «Вячэрні Гродна», я змагла падлічыць, што адлоў і забойства адной жывёліны абыходзіцца гарадскому бюджэту прыкладна ў 40 тысяч рублёў. У выніку штогод безсэнсоўна марнуюцца мільёны рублёў на безнадзейнае і жорсткае рашэнне вельмі вострай сацыяльнай праблемы.

 

– Аднак вам патрэбныя былі дакладныя лічбы і вы пачалі пасылаць запыты…

– Так, у лістападзе 2009 году адправіла запыт у ГДзУПП «Спецаўтагаспадрка» аб колькасці адлоўленых і забітых за ўвесь год жывёлін, а таксама аб колькасці вернутых старым і новым гаспадарам. Дырэктар прадпрыемства Лісавец адмовіў мне на той падставе, што такая інфармацыя – ёсць камерцыйная таямніца, і прыстрашыў спыніць са мной перапіску, калі я буду дубліраваць свае пытанні.

 

– А ў чым складаецца гэтая «камерцыйная таямніца»? Можа быць, радавы падаткаплацельшчык і не павінен ведаць, што забойства бездомных жывёлін – справа не капейкавая?

– Мне першапачаткова было ясна, што тут мае месца відавочнае парушэнне майго права на доступ да інфармацыі. Адлоў безнаглядных жывёлін належыць да сферы грамадскай цікавасці, што пацвярджаецца колькасцю грамадскіх аб’яднанняў абароны жывёлін і валанцёраў, якія падбіраюць, лечаць, клапоцяцца і шукаюць гаспадароў жывёлінам.

 

– Затым вы звярнуліся ў Гродзенскую гарадскую ЖКГ са скаргай на парушэнне права на доступ да інфармацыі…

– Але ЖКГ была на баку «Спецаўтагаспадаркі», таксама спасылаючыся на камерцыйную таямніцу. Дарэчы, палажэнне аб камерцыйнай таямніцы распрацавала сама… «Спецаўтагаспадарка».

– Вы не пагадзіліся з пазіцыяй дадзеных прадпрыемстваў і звярнуліся ў суд.

– У студзені. Я спаслалася на артыкул 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Разгляд па маёй скарзе расцягнуўся на месяц, на працягу якога было праведзена шэсць паседжанняў. У выніку суддзя Ленінскага суду Гродна А.М. Пракопік палічыў, што Пастанова Кабінета Міністраў (на падставе якога прадпрыемствам і было распрацавана палажэнне аб абароне камерцыйнай таямніцы) валодае большай юрыдычнай сілай, чым Канстытуцыя, і прызнаў маю скаргу неабгрунтаванай.

 

– Але ваша касацыйная скарга ў Абласным судзе Гродзенскай вобласці як раз знайшла падтрымку.

– Не адразу. Было два паседжанні. Мая аргументацыя была заснаваная на нормах міжнароднага права і беларускага заканадаўства. У прыватнасці, у Рэспубліцы Беларусь забаронена абмяжоўваць доступ да інфармацыі, якая з’яўляецца агульнадаступнай, у тым ліку, у сферы санітарна-эпідэміялагічнага становішча. Таму што, адной з прычын адлову бяздомных жывёлін з’яўляецца пагроза распаўсюджвання шаленства і іншых інфекцыйных захворванняў.

 

– І зараз, калі абласны суд абавязаў ГДзУПП «Спецаўтагаспадарка» прадставіць вам інфармацыю, вашы далейшыя дзеянні.

– Я маю намер апублікаваць інфармацыю ў СМІ з пытаннем да гараджан: «Ці згодныя вы з тым, як марнуюцца сродкі, якія выплачваюцца вамі ў бюджэт?». Вельмі спадзяюся, што сярод чытачоў і слухачоў знойдуцца мае аднадумцы, з якімі мы зможам разам распрацаваць стратэгію абароны жывёлін і рэалізаваць яе.

Эла ў якасці хроснай: бяздомная маці-кошка памерла, і кацянят прыйшлося выкормліваць са шпрыца

– Акрамя перамогі ў судзе, ці былі яшчэ нейкія пазітыўныя моманты ў вашай працы?

– За апошнія месяцы я ўсталявала сувязі з іншымі беларускімі і замежнымі абарончымі рухамі з тым, каб каардынаваць сваю дзейнасць у Беларусі. Іх досвед вельмі мне спатрэбіцца.

 

– Дзякуй і поспехаў!