Адкрыўся салон татуажу

| Без катэгорыі

Працы выконвае Сяргей Гапон – вучань вядомага фарумчанам і наведвальнікам Spirit of Dragon Эдзіка. Дапамагае яму сястра. Таня – мастак і аэрограф. «Сямейны бізнэс адкрыць хацелі даўно, але ўсё не даходзілі рукі, – кажа яна. – А потым, як урэшце вырашыліся, усе пачалі нас адгаворваць, маўляў і так не атрымаецца». Аднак, пасля некалькіх месяцаў папярова-чыноўнічай валакіты салон адкрыўся. Даходзіла да абсурду. Напрыклад, у правілах студыі мусіць быць прыпіска аб тым, што ветэраны Вялікай Айчыннай абслугоўваюцца без чаргі…

>

Сяргей больш за дзесяць год займаецца татуажам. Спачатку проста назіраў за працай, а потым вырашыў паспрабаваць сам. Не гледзячы на адсутнасць салону, татуіраваных людзей у Гродна хапае. Гэта Сяргей і лічыць самым вялікім клопатам: «Робяць на кватэрах, невядома як, у антысанітарных умовах, пасля алкаголю, а потым прыходзяць да нас – «папраўце!», – кажа майстар.

 

Немалая частка кліентаў гэта як раз жадаючыя выправіць памылкі папярэдняга «мастака». Найбольш яскравы прыклад – хлопец, якому на сяброўскай сустрэчы вытатуіравалі нейкія рыскі на паўрукі. Прыйшоў, падумаў, вырашыў вярнуцца праз месяц. Вярнуўся праз два тыдні, але ўжо з цалкам размаляванай рукой і паловай спіны. І яшчэ не вырашыўся паправіць.

 

Аказваецца зладзіць машынку для татуажу можа кожны: трэцяя струна ад гітары, корпус асадкі і матор ад плэера. Вось асноўныя неабходныя матэрыялы. Замест фарбы можа выкарстоўвацца што заўгодна: ад арнаменту з той жа асадкі, да плаўленых падошваў ботаў.

 

Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца іерогліфы. Кліенты нават не заўсёды ведаюць іхняе значэнне. «Калі чалавек не ведае, навошта яму тату, альбо сумняваецца, ці яму гэта трэба, то дакладна выбярэ сябе які-небудзь мудрагелісты іерогліф», – смяецца Сяргей. Салон знаходзіцца на вуліцы 17-га верасня.

Фота аўтара