Балгарыя – “няпэўная краіна”. Працяг

| Без катэгорыі

 

 

Выпадак другі – катаем дзяцей на караблі з піратамі

Вырашаем, што варта адпачываць актыўна і хочам, каб дзецям было цікава. Заходзім у турыстычнае агенцтва. Жанчына ўсміхаецца і матляе галавой, што па-балгарску азначае, што ў іх ёсць туры для дзяцей і яны называюцца Пірат-круіз.

 

Некаторы час яна пераконвае, што гэта і ёсць найлепшы варыянт туру для дзяцей. Просім прадаць нам гэты тур на чатырох дарослых і трох дзяцей, але, аказваецца, гэта даволі папулярны тур і трэба спраўдзіць, ці ёсць квіткі на дзень, калі мы хочам паехаць.

 

Некалькі хвілінаў чакаем, жанчына галгоча ў трубку і матляе галавой то так, то іначай. Урэшце радасная аператарка паведамляе, што ўсё арганізавала, забірае грошы і выдае нам квіток з надпісам “Пірат-круіз для 7 рускіх”.

 

Прыходзім на месца, з якога нас павінен забраць аўтобус. З аўтобуса вылятае дзяўчына і клікае, ці ёсць хто на Яхт-паці. Шукае мэтанакіравана “7 рускіх”.

 

Падыходзім і пытаем, ці гэта на Пірат-круіз. Яна кажа, што не, але пераконвае нас, што забраць павінна менавіта нашу групу “7-мі рускіх” (4 беларусы і 3 украінцы).

 

Сядаем у аўтобус пасля перапытванняў і спраўджання па-тэлефоне, ці гэта мы. Едзем і бачым, што ўсе ў аўтобусе едуць на Яхт-паці, а не на Пірацкі круіз і твары адпаведна маюць падобныя на тых, хто нядаўна быў на гэтым “паці” і яшчэ дастаткова ад яго не адпачыў.

 

Перапытваем зноў. Дзяўчына злуецца і кажа, што мы яе дасталі. Становімся “ў позу” і просім патлумачыць, куды нас вязуць. Аказваецца, на Яхт-паці.

Мы патрабуем патлумачыць, чаму нас вязуць не на той тур, на які мы купілі квіткі. У адказ няпэўныя рухі галавы…

 

Даюць трубку. Гэта начальнік дзяўчыны. Ён адразу ў трубку пачынае енчыць, што мы перашкаджаем дзяўчынцы працаваць і кажа, што мы запісаныя на Яхт-паці.

 

У адказ патрабуем, каб нас завезлі туды, дзе мы набылі квіткі. Начальнік кажа, што мы можам паехаць альбо на паці, альбо выйсці, не тлуміць ім галаву. Вярнуць свае грошы, вядома, мы не можам.

 

Тэлефануем у фірму, якая прадавала нам круіз. Аператарка адкрыта кажа, што сапраўды мы едзем не да Піратаў, а на Яхт-паці. Прычым яхт-паці лепш, бо там уключаныя спіртныя напоі!

 

Мы паведамляем, што юрыдычная адукацыя падказвае нам, што нас падманулі і гэты падман падпадае пад кваліфікацыю крымінальнага злачынства, якое называецца “махлярства” і што мы не пашкадуем часу свайго адпачынку для таго, каб наведаць паліцэйскі пастарунак і службы, якія кантралююць дзейнасць турыстычных фірмаў.

 

Нагадваем, што ў нас на руках выдадзеная квітанцыя аб аплаце менавіта Пірат-круізу. Жанчына змяняе сваё стаўленне і кажа, што мы можам забраць грошы. Але ж мы маем ахвоту ехаць у круіз, за які заплацілі!

 

Патрабуем, каб спынілі аўтобус і завезлі нас на тое месца, з якога нас забралі. Пасля некалькіхвіліннай “размовы” спыняюць аўтобус і паведамляюць, што на Пірат-круіз ідзе наступны аўтобус. Сапраўды, праз хвіліну прыходзіць аўтобус на Пірат-круіз з піратам начале. Нас, вядома, у яго спісе няма, але ёсць 7 палякаў.

 

Паказваем дакументы аб аплаце Пірат-круіза. Пасля невялікіх спрэчак і званкоў начальству, бачым, як пірат матляе галавой, што па-балгарску азначае так. Нас запускаюць у аўтобус. Вырашаем, што калі нас не пускаюць на карабель – будзем змагацца.

>

Такіх, як мы, знайшлося яшчэ чалавекі тры, якіх таксама не было пазначана ў спісах, але, як гэта ні дзіўна, і нас, і 7 палякаў і іншых асобаў, якія не былі ў спісе, пускаюць на карабель.

 

Для нас канфлікт скончыўся, але ў вачах стаіць, як аператарка прадае нам квіткі і робіць няпэўныя рухі галавой. Не давярайце рухам галавы тураператараў: ніколі невядома, па-балгарску гэты рух ці па-нашаму!

 

Выпадак трэці: эвакуяванне машыны

Пад канец нашага побыту захварэла дачка нашых сяброў і давялося везці яе да лекара. Той прымаў у адным з санаторыяў. Пад’язджаем, спыняемся ля брамы.

Пытаюся ў ахоўніка, дзе лекар. Ён мне тлумачыць. На руках выносім дзяўчынку да лекара. Пытаюся ў ахоўніка, ці магу я пакінуць сваю машыну тут ля брамы, пакуль будуць глядзець дзяўчынку. У адказ бачу няпэўныя рухі галавы, якія, я разумею па-балгарску, азначаюць так.

 

Ахоўнік усміхаецца і матляе галавой. Выходжу праз 10 хвілін – машыны няма. Яе эвакуявалі.

Пытаюся ў ахоўніка, чаму эвакуявалі – ён кажа, што нічога ня ведае!

 

Я нагадваю, што з ім размаўляў некалькі хвілін таму. У адказ няпэўныя рухі галавы, якія я зараз разумею азначаюць “не”, хоць па-балгарску азначаюць “так”.

 

Адміністратарка кажа мне па-ангельску, што, па яго словах, ён бачыць мяне ўпершыню.

 

Еду ў іншы горад забіраць са стаянкі сваю машыну і ў галаве маёй – гэтыя няпэўныя рухі галавой ахоўніка.

Не давярайце балгарскім ахоўнікам і таксістам!

 

Адпачываць у Балгарыі добра, але каб не трапляць у падобныя сітуацыі, а іх там вельмі шмат, варта перапытваць у балгараў, што яны маюць на ўвазе, калі хістаюць галавой!

 

Фота аўтара